Культура э-бізнэса
Ёсьць два пытаньні, што грызуць мяне ўжо колькі гадоў - з таго часу як я стаў карыстацца сецівам для пакупак.
1. Навошта вывешваць нумары ICQ мітычных кансультантаў, якія ніколі не бываюць online? Так робяць практычна ўсе сеткавыя гандляры, вялікія і маленькія, амаль легальныя і шэрыя. За ўсю гісторыю майго электроннага шопінгу, які ўключае прыблізна каля 50 спробаў (некаторыя ўдалыя, некаторыя ня надта) я ўпомню толькі 2 выпадкі, калі заяўлены кантакт сапраўды працаваў і адказваў на пытаньні. Абодва разы гэта былі поўныя нелегалы, якія не хацелі сьвяціць тэлефонных нумароў. Чаму той самай дыспэтчарцы, якая сядзіць на тэлефоне і адначасова раскладае пасьянсы на кампе, не падключыць ICQ, Jabber, Skype ды інш. балабаталкі? Насамрэч гэта бывае праблемай, асабліва калі купляеш кампутарныя вантробы. Калі табе трэба купіць штосьці што мае маркіроўку XFhgdJyRRfg5454HGj і яе важна не пераблытаць з XFhgdJyRRfg5754HGj, дык тэлефон пасуе ня надта добра.
2. Навошта вывешваць усе тавары, якія толькі можна ўявіць, калі ў рэчаіснасьці 90% прайс-лісту адсутная ў асартымэнце?
- Прывязіце мне "A"!
- "A" ў нас няма.
- Ну, хаця б "B"...
- "B" таксама няма!
- А "C"?
- Няма.
- А што з гэтай катэгорыі ёсьць?
- Нічога, але калі вы патэлефануеце празь месяц...
