Ліст сябру
Напісаў сп.Плашчынскаму адказ на ягоны пост, напісаны з нагоды падзеяў апошняга Сойму ПБНФ - выключэньня Алеся Міхалевіча [ пост Плашчынскага ]. Мне падалося, камэнт можа быць цікавы і іншым людзям, бо ў ім закранутыя думкі, які ў той ці іншай форме фігуруюць у мностве выказваньняў і камэнтароў, таму вырашыў яго вынесьці ў асобнае паведамленьне (зь невялікімі, касмэтычнага характару, зьменамі).
Кажучы пра гэтыя падзеі, я намагаюся адыйсьці ад ацэнак асабістага характару, і засяродзіцца на лёгіцы падзеяў, магчыма крыху халаднаватай, але ж за тое бесстароньняй. У выпадку, калі вы захочаце падыскутаваць - кіруйцеся, калі ласка, тым жа. Я думаю разважаньняў на тэму пэрсонаў (і збольшага залішне эмацыйных) за апошнія пару дзён напісана ўжо дастаткова.
Жора, я шкадую, што ты гэта напісаў. Аніяк не таму, што мне трэба бачыць цябе ў якімсьці канкрэтным лягеры - урэшце рэшт, якая розьніца, асабліва ўлічваючы, што ты ня сябра Фронту :) А таму, што ўзяўшы слана за хвост, ты безапэляцыйна сьцьвердзіў, што слон - гэта тонкая вяроўка.
Хаця эмацыйна мне, фронтаўцу і чалавеку асабіста знаёмаму з усімі "фігурантамі", надта непрыемна, што сытуацыя дайшла да такой кропкі, я хачу быць шчырым перад сабою, і, адпаведна, я не магу лічыць Алеся Міхалевіча "ахвярай". З адной вельмі простай прычыны: калі б ён набраў падчас зьезду на N-цаць галасоў болей і стаў бы старшынём, дык сутыкнуўшыся з фармальна выяўленым непадпарадкаваньнем з боку, дапусьцім, Вячоркі - вычысьціў бы яго не вагаючыся. І я гэта кажу зусім не дзеля таго, каб паказаць, што АМ "таксама дрэнны". Зусім наадварот - гэта было б правільна, гэтаксама як і тое, што цяпер робіць Баршчэўскі - правільна. Незалежна ад таго, хто зь іх табе больш даспадобы, правілы кіраваньня арганізацыяй аднолькавыя.
Бальшыня хібаў у тваіх разважаньнях вынікае з таго, што ты разглядаеш партыю як маленечкую мадэль дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым памылковым пастулятам, да ўнутрыарганізацыйнага жыцьця партыі мусяць прад'яўляцца тыя ж патрабаваньні, што і да сужываньня людзей унутры дзяржавы. Ты мог бы лёгка праверыць якасьць такога сьцьверджаньня праверыўшы яго на абсурднасьць: у прыватнасьці, калі твой пасыл верны, дык сацыял-дэмакратычная партыя, якая не прымае ў свае шэрагі людзей з антысацыялістычнымі перакананьнямі - парушае іхныя правы і ўвогуле паступае скрайне недэмакратычна. Чаму ж ня могуць, напрыклад, адэпты лібэртарыянства далучыцца да СД, каб разбурыць партыю знутры... вой, я хацеў сказаць, каб пакрытыкаваць кіраўніцтва ды іншым сябраў за іхны сацыялізм? Як жа права на выказваньне, унутрыпартыйная дэмакратыя і ўсе такія справы?
Вымушанае суіснаваньне ў межах дзяржавы і дабрахвотнае ўзаемадзеяньне ў межах арганізацыі адрозьніваюцца вельмі грунтоўна.
Сутнасна, партыя ствараецца для адзінага, супольнага дзеяньня. І для таго, каб яно сапраўды было такім, арганізацыя павінна практыкаваць унутраную дысцыпліну. І найпершы кансэнсус з усіх магчымых кансэнсусаў мусіць быць у тым, хто кіруе партыяй. А кіраўнік, афіцыйныя намесьнікі якога, сабатуюць ягоныя распараджэньні абавязаны альбо настаяць на сваёй волі, альбо падаць у адстаўку. І гэта не залежыць ад таго, як гучыць ягонае прозьвішча: Баршчэўскі, Вячорка ці Міхалевіч. Таксама, цалкам рацыянальным зьяўляецца патрабаваньне прытрымлівацца - прынамсі ў публічных выказваньнях - рытуальнай ветлівасьці ў дачыненьні да супартыйцаў, бо ад гэтага ўрэшце рэшт залежыць маральны клімат. Ніякай аналёгіі з "аховай годнасьці прэзыдэнта", я асабіста тут не заўважаю.
Спашлюся заадно і на прыклады: скажам брытанская Кансэрватыўная партыя выключыла Edgar-а Griffin-а, вельмі вядомага актывіста з 29-цігадовым стажам (!), за сувязі з партыяй-канкурэнтам. Годам пазьней Michael Keith Smith, лідэр адной з унутраных плыняў той жа партыі быў выключаны за зьняважлівы ў дачыненьні да дэпутатай-кансэрватараў рэклямны артыкул. Ці можна меркаваць, што палітычная сцэна найстарэйшай зь ліку жывых дэмакратыяў сьвету таксама "дэфармавалася пад уплывам дыктатуры Лукашэнкі"?
Зьвернутае да ЛБ абвінавачаньне ў тым, што ён "забыўся на варункі свайго абраньня" не адпавядае рэчаіснасьці, хаця гэта, пэўна, ужо не твая памылка, а неакуратнасьць рэпартажу, на які ты спаслаўся. Насамрэч, Баршчэўскі адкрыта заявіў, што будзе змагацца за выключэньне з партыі тых, хто ня выйдзе зь іншых палітычных утварэньняў. І зрабіў гэта, канечне ж, да галасаваньня.
Урэшце, ты маеш рацыю, калі кажаш, што сябрам партыі ня мае сэнсу забараняць сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях непалітычнага характару. Аднак, рух Мілінкевіча яўна да такіх не належыць. Гэта арганізацыя, якая ставіць перад сабой палітычныя мэты, у прыватнасьці, дасягненьне самім Мілінкевічам прэзыдэнцкае пасады. "Рухам" яна называецца, бо слова "партыя" (як і "апазыцыя") у гэтым сэзоне ня моднае.
На маю думку, Алесь сьвядома вырашыў згуляць з агнём, парушыўшы пастанову Сойму, з разьлікам на тое, што Баршчэўскі пабаіцца выключыць яго (бо Міхалевіч досыць заўважны ў мэдыях), і тым самым пазбавіцца аўтарытэту - хто будзе слухаць кіраўніка, якога можна пасьпяхова (і нават публічна) праігнараваць? Аднак, у сп.Лявона аказаліся нашмат вастрэйшыя зубы ды больш прынцыповая і ўпартая, чым меркаваў Міхалевіч, пазыцыя. І, па-мойму, гэта ня можа не выклікаць павагі.
