Мазгазнаўчыя нататкі
Прачытаў пазнавальны артыкул пра brain-splitting (разраньне часткі мозгу, якая адказная за сувязі паміж паўшар'ямі, выкарыстоўваецца для лячэньня складаных выпадкаў эпілепсіі), і гледзячы на фота прэпараваных чалавечых глуздоў, узгадаў, што я яшчэ і не паеў сёньня. І хаця я неўзабаве прыняў пакецік пюрэ "Galina Blanca", думкі мае працягвалі абарочвацца вакол тэмы мозгу, і шляхоў яго функцыянаваньня. Менавіта таму, пакуль мае фрэнды будуць пераціраць падрабязнасьці ўчорашняй акцыі, я як заўсёды вярнуся да тэмы шызыфрэніі.
Вар'ятаў вакол нас вельмі шмат, толькі звычайны чалавек гэтага не заўважае, бо існуе ў дастаткова ўстойлівым асяродзьдзі, у сваёй, скажам прама, сацыяльнай сетцы. А вось тыя, каму даводзіцца працаваць зь людзьмі - у грамадзкай арганізацыі ці офісе палітычнай партыі, судзе ці адвакацкай канторы, ЖЭСе ці тралейбусным парку - заўсёды маюць досьвед камунікацыі з псыхічна хворымі. Быў час, калі я часта валянтэрыў "за стойкай" у вітальні штаб-кватэры БНФ, і гэта якраз быў пачатак вясны - самы гарачы час - яны завітвалі дзесьці па два ў тыдзень. Адзін грамадзянін прапаноўваў псыхатронную зброю, якую ён нядаўна вынайшаў, бабушка прасіла арганізаваць пікет перад ЖЭК-ам, бо апошні не рэагаваў на яе просьбы высяліць небясьпечных андройдаў з суседняў кватэры, яшчэ быў прыхільнік Лукі, які пагражаў нам "славянскай магіяй", і нават некаторы час настырна размахваў рукамі перад уваходам ды падвываў. Я падумаў, што перамагчы яго можна толькі ў рамках ягоных уяўленьняў, таму выйшаў з кубкам вады і стаў яго з сур'ёзным выглядам акрапляць. Ён сапраўды перапалохаўся і ўцёк.
А былі яшчэ ўмоўна нэўтральныя, яны не апускаліся да палітычнага жыцьця Беларусі, а зьбіраліся ашчасьлівіць адразу ўсё чалавецтва. Такія звычайна дзелавіта даставалі з партфэляў тоўстыя стосы папераў і казалі, вось, маўляў, тут плян рэфармаваньня плянэты, дапамажыце падняць гэтае пытаньне ў ААН! Дарэчы, падумалася, а Карл Маркс, ён, часам, не з такіх быў?
Самы запамінальны пэрсанаж прышоў у 2000 г., з ходу запатрабаваў аўдыенцыі у "наивысшего руководства партии" - прыблізна так і выказаўся. Аднак, праходзіла моладзевае мерапрыемства, на якім "старэйшымі па пасадзе" апынуліся я і Сяржук Б-н, так што мы да візытанта і падыйшлі. Здаровы такі мужык, у палітоне, а ў руцэ авоська з харчамі. Адразу шчыра сказаў, што ён толькі што выпушчаны "на пабыўку" з Навінак. Калі вы ня ў курсе, псыхлякарня для эканоміі сродкаў выпускае пацыентаў падкарміцца на выходныя, таму верагоднасьць сустрэць вар'ята ўзрастае ў гэтыя дні, асабліва ўздоўж маршруту 18-га аўтобусу. Пасьля гэтых словаў сп. Б-н адразу ж зьліняў - трэба ж за парадкам у залі прасачыць, ага! А мяне "па-сяброўску" пакінуў гутарыць з Ганібалам Лектарам :) Потым апраўдываў свой подлы ўчынак тэмпэрамэнтам, маўляў, ты ж спакойны як пітон, а я не. Як я ўжо зазначыў вышэй, дзядзька быў габарытны: каля мэтру дзевяноста, шыракаплечы, мускулісты і ўзбуджана-агрэсіўны. З чырвоным тварам, рэзка жэстыкулюючы, пэрыядычна падвышаючы голас да крыку, ён паведаміў сярод іншага, што ў псыхушку яго забралі несправядіва, бо ўсё, што ён зрабіў - гэта адарваў ад столі жырандоль і кінуў ёй у жонку, а потым падпаліў кватэру, але "жонка сама вінаватая". І яшчэ кідаў вазонамі з акна ў машыну суседа, але таксама ж не без прычыны: сусед заўсёды хацеў яго забіць!
Дык вось, гэты мужык меў безьліч ідэяў наконт таго, як можна хутка прыйсьці да ўлады і прагнуў імі падзяліцца. Многае з таго, што ён вёрз, я вам скажу, сёньня можна пачытаць у блогах шматлікіх самаабвешчаных палітэкспэртаў. Цяпер ён таксама мог бы стаць палітэкспэртам, і яго б фрэндзілі, камэнцілі б - "+1", але ж у тыя пракаветныя часы не было блогаў! Вось з-за гэтай тэхнічнай адсталасьці давялося яму прыйсьці асабіста і ўсё мне распавесьці.
Усё ж некалькі прапановаў былі ярка арыгінальнымі. Напрыклад, купіць колькі тысячаў задніх ног ад кароваў ці быкоў і выварыць, каб ачысьціць ад мяса, а потым папарна злучыць мэталічнымі ланцужкамі. І гэтымі касьцянымі нунчакамі гасіць амонаўцаў. Пацыент сьцьвярджаў, што такая зброя ня толькі валодае надзвычайнай убойнай сілай, але і аказвае на праціўніка моцны псыхалягічны ціск. І мала таго, казаў ён, калі што, суд не прызнае гэта халоднай зброяй - "Какое оружие, друг? Это же кости обычной коровы!"
Ну, карацей, я справіўся. Галоўны сакрэт у размове з вар'ятам - не пярэчыць яму, не спрабаваць вярнуць у рэчаіснасьць, а наадварот, паводзіцца так, нібыта ён гаворыць нармальна і разумна. Я актыўна слухаў, казаў - "Ага!", "Разумею!", "Цікавая ідэя! Мы абмяркуем яе на бліжэйшай нарадзе." Ён пакрысе супакойваўся. Пад канец, сказаў, што я "толковый парень" і папрасіў у мяне нумар тэлефону, каб і надалей дзяліцца думкамі. Я цьвёрда адмовіў: "Не магу, кансьпірацыя!"
- Уважаю! - адказаў ён і сыйшоў.
Вось яшчэ гісторыя ад righthinker-а, да яго завітаў чалавек з Марсу.
А на тым знакамітым open-air-ы, які адбыўся ў сакавіку 2006 г. мне даводзілася абараняць сцэну ад яшчэ аднаго марсіяніна. Ён сьцьвярджаў, што мае дакумэнт, які дастаткова зачытаць у мікрафон, і назаўтра Лука змыецца ў Іран. Дзеля цікаўнасьці я папрасіў яго паказаць, што ён хацеў бы агучыць, ён палахліва азіраючыся - "Разумееце, гэта ж выбуховая інфмарацыя! Нас могуць забіць за яе!" - дастаў некалькі брудных і выцьвілых, але затое залямінаваных выразак з "Камсамольскай праўды", пры гэтым ён сьцьвярджаў, што гэта New York Times.
Бываюць і зусім забойчыя выпадкі: праваабаронца зь "Вясны" Валянцін С-ч распавядаў пра выпадак, калі да адваката прыйшоў інтэлігентны чалавек, які шчыра прызнаўся: "Я - імбрык!", маючы на ўвазе менавіта прадмет кухоннага побыту, у якім грэюць ваду для гарбаты. Яму падавалася несправядлівым тое, што іншыя людзі так ня лічаць, і ён хацеў падаць на кагосьці ў суд, каб яго прызналі імбрыкам, абавязкова афіцыйным парадкам, з выдачай адпаведнага дакумэнту. Юрыст не разгубіўся ў няёмкай сытуацыі, і скіраваў яго ў Дзяржбюро па інвэнтарызацыі.
Яшчэ больш давялося чытаць неверагодных e-mail-авых паведамленьняў, калі я займаўся адным папулярным сайтам. Калі рукі дойдуць - дастану з архіву.
Маючы гэты досьвед, я бяруся сьцьвярджаць, што калі вы стаіцё, да прыкладу, на шматлюднай станцыі мэтро "Кастрычніцкая", то вакол вас, недзе ў натоўпе прысутныя 5-10 чалавек з альтэрнатыўнай рэчаіснасьці. Карацей кажучы: будзьце пільныя! Адзін такі, калі верыць прафэсару Шчыгельскаму, увогуле кіруе краінай.

Comments