Не хвалюйцеся, мы зараз вас абкрадзем!
З музэю ўнівэрсытэту канадзкай правінцыі Брытанская Калюмбія скралі некалькі залатых прадметаў, якія, апрача "мэталічнай", маюць значную гістарычную і мастацкую вартасьць, так што іхны агульны кошт ацэньваецца ў $2 млн. Самая забаўная частка гісторыі - гэта мэтад, з дапамогай якога зламысьнікі абыйшлі праблему з сыгналізацыяй. Яны папросту патэлефанавалі ў ахову музэю, і прадставіўшыся прадстаўнікамі кампаніі, што абслугоўвае сыстэму кантролю за пранікненьнямі, сказалі, маўляў, чэлы, у нас тут маленькія тэхнічныя праблемы, з-за гэтага сёньня будзе адно фальшывае спрацоўваньне сыгналізацыі - не зьвяртайце ўвагі, пацаны! Ну, пацаны і не зьвярнулі...
Не заўсёды гэта праяўляецца ў такіх яркіх барвах, але, у прынцыпе, гэта дастаткова характэрная праблема: чалавек звычайна зьяўляецца найслабейшым злучвом у ланцугу бясьпекі, бо на яго можна "зрабіць уражаньне", і разам з тым вельмі цяжка прымусіць да драбніцаў прытрымлівацца занудных інструкцыяў.
