Рэйтынг: расчараваньне году?
У нас, беларусаў, шчыльненькі такі інтэрнэт, і я ня маю сумневаў, што гэты тэкст будзе прачытаны людзьмі з каманды 101blog. Маючы досьвед працы над грамадзкімі праектамі, ведаю, што крытыка раздражняе :) Аднак, мушу сказаць, вораг добрага праекту ніколі ня стане крытыкаваць яго, хаця б таму, што не захоча накручваць ягоную цытаванасьць :) Таму ўспрымайце гэты тэкст як мой шчыры пЭар, але з бочкай лыжкай вымушанага дзёгцю.
Заўважаючы ў LJ ціхую і гучную рэкляму блогера Ant1killer, я пачаў здагадвацца пра магчымае прышэсьце новага блогаарыентаванага сэрвісу для беларусаў. Мае прыватныя спадзевы засяроджваліся вакол чагосьці накшталт reddit ці digg. На (мой асабісты) жаль, вынік, прэзэнтаваны пад назвай 101 блог, скіраваны кудысьці ў іншы бок. Прычым я дагэтуль не зусім разумею ў які канкрэтна!
Пачаць варта з таго, што я крыху не даганяю ці ўваходжу я ў мэтавую групу, на якую разьлічаны праект, і, калі так, дык хто там мае быць апрача мяне? Пытаньне гэтае ўзьнікла, калі, падчас першага ж прагляду я натыкнуўся вачыма на загаловак аднаго з інфармацыйных блёкаў - So wassup? Як аматар шэрагу амэрыканскіх рок-н-рольных гуртоў, якія выкарыстоўваюцьлі слэнг у сваіх песьнях, я адчуў нешта роднае. Аднак, калі менавіта піпл такога кшталту і ёсьць меркаваным асяродкам карыстальнікаў, дык я не разумею, дзе надпісы Hey, dude!, WTF? ды back off, bitch! Можна дапусьціць, што рок-н-рольшчыкі, насамрэч, ідуць лесам, а прадукт нацэлены на аматараў хіп-хопу, але ж тады наведнікаў мусіў бы сустрэць вокліч Yo, brother!, ці ня так?
Другі апёк ад знаёмства - постмадэрнісцкае спалучэньне дызайнэрскіх тэндэнцыяў. Спрошчана, можна сказаць, што вэбдыз можа перасьледаваць адну зь дзьвюх мэтаў:
- зрабіць
пацыентунаведніку зручна, а значыць рабіць усё традыцыйна, без інтэрфэйсных нечаканасьцяў, нават, калі дызайнэру гэта даўно абрыдла;
- зрабіць ня так як усе, што звычайна выклікае ў
пацыентакарыстальніка некаторыя нязручнасьці, але затое весела і задорна.
То бок, у кожным разе мы нешта выйграем, а недзе губляем - жыцьцё такое.
Стоадзінблог у незвычайны спосаб спалучае найгоршыя рысы абодвух тэндэнцыяў. Ён няяркі і не асабіва арыгінальны, і тым жа часам нязвыклы і нязручны. Адзіная зразумелая з ходу рэч - гэта тое, што на старонцы разьмешчаныя спасылкі на нейкія блог-допісы, і за іх можна прагаласаваць. Але навошта, якога кшталту і дзеля чаго вылучаныя менавіта яны - ужо няўцямна. Як чалавек недалёкі дасьведчаны я адразу ўхапіўся за выратавальнае кола спасылкі "Пра гэты сайт". Аднак, па прачытаньні яго абсяг майго неразуменьня значна пашырыўся. Я разумею, што ў такіх справах крыху рэклямнай рыторыкі незашкодзіць, але пасьля амбітнай заявы навіны, адабраныя менавіта пад ЦЯБЕ, я бы хацеў пабачыць гіпэртэкставую спасылку на тое месца, дзе знаходзяцца навіны адабраныя менавіта для (чаму пад?) мяне.
Дарэчы, каб cкончыць з дызайнам, вось на гэтых арыгінальных белых вынасках, надпісы мусяць быць спасылкамі - гэта вельмі даўняя і здаровая традыцыя вэбдызу, а інакш іх лепш прыбраць, каб не прымушаць наведнікаў марна клацаць мышкай.
Зараз мы ведаем, дзе шукаць навіны пра тое, што зьмянілася ад моманту ўваходу Польшчы ў Шэнґен, які гурт пераможа на наступным гіт-парадзе й як даехаць ад Менску да Берліна аўтастопам у адзін дзень! - складаецца ўражаньне, што аўтар гэтага пасажу перахваліўся, альбо гэтая інфармацыя - ну, пра Шэнген мне сапраўды цікава - даступная толькі за грошы, бо ў адкрытым доступе на сайце нічога падобнага я не знайшоў.
Уся інфармацыя з прааналізаваных рэсурсаў падаецца цэнтралізавана, клясыфікуецца, ацэньваецца рэдактарамі - халера вас бяры, дзе гэта ўсё? То бок, цэнтралізавана - гэта я зразумеў, маецца на ўвазе сьпіс на першай старонцы, аднак ніякай адэкватнай клясыфікацыі ці рэдактарскіх ацэнак там няма.
Самыя папулярныя навіны паводле колькасьці камэнтараў, праглядаў ды спасылак ставяцца на першую старонку - як праграміст прашу падзяліцца са мною спосабам дазнацца пра колькасьць праглядаў на чужым сайце без публічнага лічыльніка. Вельмі моцна падазраю, аднак, што такога спосабу няма, і ў такім разе сказ варта падрэдагаваць, бо няпраўда. Колькасьць камэнтароў? Што ж, гэта які-ніякі, але крытэр. Аднак, у сьпісе прысутныя допісы з 10-15 камэнтарамі, хаця я нават у сваёй небагатай фрэндстужцы знайду варыянты пасалідней. Колькасьць спасылак - гэта мне падабаецца! Аднак, і тут нешта ня тое: праверыў два выпадкова абраных допісы праз Google (link:url) на наяўнасьць вонкавага спасыланьня - ніхто на іх не спасылаецца. Так што, прыйдзецца зрабіць выснову, што на цяпершні час сьпіс на галоўнай старонцы фармуецца высокатэхналягічным спосабам "ад балды". Я спадзяюся, што мэханізм адбору будзе адладжаны ў будучыні. Урэшце-рэшт на галоўнай старонцы вісіць банэр пра бэта-тэстынг, але ж тады і апісаньне сайту варта пісаць у будучым часе! Бо сярод наведнікаў непазьбежна знойдуцца тыя, для каго бэта-тэстынг мала адрозны ад гама-радыяцыі, і гэтыя людзі будуць думаць, што іх папросту падманваюць. А ў інтэрнэце падобныя чуткі разыходзяцца вельмі хутка.
Зьдзіўлены пабачаным у галоўным сьпісе матэрыялам з Народных навінаў Віцебску, бо гэта, як мне заўсёды падавалася, нармальны навінова-інфармацыйны рэсурс, а ня блог.
Некаторыя допісы цалкам здубляваныя ў сыстэму Стоаднагоблогу, што вельмі небясьпечна. Зусім ня кожны матэрыял даступны публічна, можа быць свабодна скапіяваны, і калі аўтары праекту ня выправяцца, дык іх рана ці позна дастане доўгая рука капірайту.
Функцыя пошуку, збудаваная на базе Google CSE (паводле сутнасьці, гэта пошук праз Гугл, але з кастамізаваным індэксам) патэнцыйна цікавая, але не цяпер. Наколькі вынікае з маіх досьледаў, створаная аўтарамі праекту база не ўключае ў сябе ані Vox, ані Blogspot, ані Multiply. Плюс вынікі ўтрымліваюць спасылкі на небеларускіх блогераў. Дык cкарыстацца з паслугаў простага www.google.com на сёньняшні дзень будзе выніковей.
Іншыя разьдзелы сайту прапануюць свае загадкі. Напрыклад, "Топ-крыніцы" спрабуе мяне пераканаць, што беларускія блогеры часьцей за ўсё спасылаюцца на technorati, што - наважуся сьцьвярджаць - не адпавядае рэчаіснасьці, а блог lelichak тамсама фігуруе чамусьці аж двойчы.
Ёсьць разьдзел "Чарты", што ў перакладзе на беларускую азначае "Графікі". І вось тут, шаноўнае спадарства, зусім гамон. Прапаноўваць "рэйтынг згадваньня палітыкаў", з надта ляканічным ды прэтэнцыйным тлумачэньнем паводле традыцыйных мэдыяў, які ўзяты з bdg.by - гэта значыць падманваць людзей. Я ня ведаю, ці ўдзельнікі праекту бачылі старонку О рейтинге, дзе ясна пералічаныя крыніцы, на базе якіх гэты самы рэйтынг лічыцца. Запрашаю азнаёміцца:
- http://www.respublika.info/
- http://rss.interfax.by/
- http://telegraf.by/
- http://news.belta.by/
- http://naviny.by/
- http://charter97.org/
- http://www.kp.belkp.by/
- http://www.afn.by/
- http://www.tut.by/
Паводле той інфармацыі, якой валодаю я, гэтая бэдэгэшная сыстэма ў прынцыпе няздольная працаваць зь беларускамоўнымі тэкстамі, гэтым тлумачыцца адсутнасьць у пераліку цалкам беларускамоўных крыніцаў накшталт "НН" і Радыё "Свабода", аднак нават і расейскамоўныя адабраныя даволі забаўна. Скажам, хто можа растлумачыць чаму "Рэспубліка" - важная, а "СБ" - не? Хаця ў апошняй чытачоў (і на паперы, і ў сеціве) на парадак болей. Відавочна, што гэты "рэйтынг" можа лічыцца пасьпяховай праграмісцкай разьмінкай па апрацоўцы масіваў навіновай інфармацыі, аднак, ня мае практычнай карысьці для паспалітага карыстальніка.
Сама сыстэма канкурэнцыі блогаў таксама выклікае пытаньні. Пакуль што, гэта тое ж самае, што і апытаньні ў блогу Ant1killer-а - то бок нешта больш падобнае да сеткавай гульні "хто лепш праматывуе сябраў прагаласаваць за сябе", а не да сацыяльнага адбору найцікавейшых матэрыялаў.
Падсумоўваючы ўражаньні, скажу так - першы digg (technorati?) комам. Ці выруліць праект на шырокі прастор беларускай благасфэры, пакуль няясна. Буду рады, калі і мае заўвагі паслужаць чароўным падсрачнікам чымсьці дапамогуць.

Comments
таксама гэта пабачыў, і гэта расчаравала
Калі глядзіш агулам - то падаецца: "малайцы, нарэшце зрабілі, то што гучна абяцалася стартануць некалі яшчэ ў траўні".
Калі ж спрабуеш карыстацца ім як сэрвісам, то разумееш, што гэта ўсё яшчэ пакуль не сэрвіс, а толькі жаданьне яго зрабіць. Спадзяюся, жаданьне тое не зьнікне і атрымаецца штосьці ў выніку цікавей за рэйтынг антыкілера ў новым дызайне.
А яшчэ лепей такія пытаньні прадугледжваць загадзя і адказваць на іх прыгожай гісторыяй якой))
несалідняк!
зрабіце самі, выкіньце свой браўзэр, ідзіце на
Ніякі пасьлястартавы піяр - другі галоўны мінус пасьля функцыяналу
народ, як тут рэдагаваць камэнтары?
а то вокс палову камэнта зьеў
калі, канечне, вокс яго не адарваў з канцамі =)
хоць, прызнацца, нязручна,
і перадпрагляду тэж няма :(
і гэтак дысаніруе з цукрова-масьленымі інтанацыямі на самім сайце.
хоць асадак і непрыемны
Паколькі допіс разгорнуты, дэтальны і яўна прадуманы, то простая ветлівасьць вымагае такога ж прадуманага і разгорнутага адказу :)
Па-першае, вялікі дзякуй за крытыку і сьцёб з дызайну. Як дызайнэру, мне ёсьць куды расьці, і я гатовы да крытыкі - калі б хацеў маляваць сайт для самога сябе, то і пакінуў бы яго на localhost'e. Так што чым больш людзей выкажуцца, тым больш інфармацыі ў мяне будзе для паляпшэньня. Шкада, што акрамя красамоўнага параўнаньня "функцыянальнага" і "наватарскага" палюсоў дызайну, заўваг наконт няклікабельных подпісаў іншай канкрэтнай крытыкі мала. Ну ладна...
Па-другое, яшчэ большы дзякуй за дакладныя тлумачэньні выпадкаў, у якіх "недасьведчаны юзер" натыкаўся на незразумелыя рэчы: відавочна, што любыя непаразуменьні юзера з сайтам знаходзяцца на сумленьні распрацоўшчыкаў і нікога, акрамя іх, не павінныя хваляваць.
Тым ня менш, пракамэнтую тры прыклады непаразуменьняў, якія лёгка можна выправіць, і мы гэта ўжо і зрабілі па вашай наводцы:
"Топ-крыніцы" спрабуе мяне пераканаць, што беларускія блогеры часьцей за ўсё спасылаюцца на technorati, што - наважуся сьцьвярджаць - не адпавядае рэчаіснасьці"
Словы гэтыя сьведчаць, што вы ўспрынялі гэта як сьпіс самых папулярных лінкаў з беларускай благасфэры. На старонцы ж насамрэч напісана, што гэты сьпіс спасылак складаецца ТОЛЬКІ паводле спасылак, якія утрымліваюцца ў ТОП-пастах (гэта значыць пастах, якія трапілі ў топ за сваю папулярнасьць). Гэта не рэпрэзэнтатыўнае дасьледваньне ЎСЁЙ беларускай благасфэры. Гэта іншы цікавы інструмэнт, якія прызначаны для таго, каб вызначаць сайты, якія генеруюць найбольш папулярныя тэмы і допісы. Пагадзіцеся, гэта таксама варта ўвагі. Што ж, так і напішам на старонцы Топ Крыніцы, каб не было сумневаў.
Далей.
Старонка Чарты называецца адпаведна сваёй функцыі - паказваць "Чарты", а ня "графікі". Нагадаю, што ў ангельскай мове ёсьць два значэньні слова чарты, а ў беларускай - толькі адно.
Графік - гэта проста-напраста форма графічнага прадстаўленьня інфармацыі.
Чарт - гэта ў беларускай мове слова, якім апісваецца любы сьпіс, табліца, рэйтынг, (незалежна ад выгляду), які рэгулярна абнаўляецца і паказвае папулярнасьць пэўных асобаў або прадуктаў па тыднях або месяцах. Напрыклад, “Чарты Білборда” паказваюць папулярнасьць альбомаў паводле іх продажу па тыднях. Другое значэньне ангельскага (а не беларускага!) слова chart адпавядае беларускаму слову графікі, але мы маем на ўвазе зусім іншыя чарты.
Такім чынам, у Чартах мы паказваем пяцёрку або дзясятку палітыкаў, якія набралі найбольш узгадак у благасфэры. У наступным тыдні нехта зь іх можа з гэтай пяцёркі выбыць - на тое гэта і чарт.
Згодны, тут узьнікае пэўная блытаніна, але назву мы выбралі менавіта таму, што слова Чарты вельмі дакладна акрэсьлівае тое, што зьявіцца на гэтай старонцы пазьней, акрамя графікаў палітыкаў - чарты музыкаў, песень, прадуктаў, паводле іх папулярнасьці ў благасфэры.
наконт чарту палітыкаў паводле бдг:
"Прапаноўваць "рэйтынг згадваньня палітыкаў", з надта ляканічным ды прэтэнцыйным тлумачэньнем паводле традыцыйных мэдыяў, які ўзяты з bdg.by - гэта значыць падманваць людзей."
Не зразумела, чаму нас крытыкуюць за хібы рэйтынга БДГ.
Мы дакладна ўказваем, адкуль бярэцца інфармацыя - які ж гэта падман людзей? Прыкра, што адразу узьнікаюць такія абвінавачваньні. Ідэя заключаецца якраз у паказе перакосаў у традыцыйных мэдыях увогуле (фільтрацыя інфармацыі, калі хочаце, information gatekeeping). Нам падаецца, што менавіта параўнаньне неаб'ектыўнага (як вы самі паказалі) рэйтынга з рэйтынгам паводле маніторынга блогаў зьяўляецца доказам агульнай тэндэнцыйнасьці традыцыйных СМІ, якія ігнаруюць беларускую мову ў інтэрнеце, ды яшчэ й фільтруюць крыніцы па нейкіх незразумелых прычынах (хутчэй за ўсё. ня ўмеюць парсіць старонкі без RSS). Але для таго мы і ствараем альтэрнатыўны рэйтынг, каб глядзець на сапраўдныя тэндэнцыі. У перспектыве мы хочам зрабіць больш цікавы і функцыянальны ўласны рэйтынг і па традыцыйных СМІ - але гэта ня наша першасная задача. Каб зрабіць нешта новае і добрае трэба паказаць праблемы са старым і ня вельмі добрым, хіба не? Таму - будзе удзячныя, калі прапануеце цікавыя схемы аналізу, параўнаньняў, графікаў і гд.
Ну і самае галоўнае: крытыка намінацыі блогаў ў топ.
"Самыя папулярныя навіны паводле колькасьці камэнтараў, праглядаў ды спасылак ставяцца на першую старонку - як праграміст прашу падзяліцца са мною спосабам дазнацца пра колькасьць праглядаў на чужым сайце без публічнага лічыльніка."
Так, наўпроставага спосабу ацэньваць колькасьць праглядаў няма, але ёсьць ускосныя: як праграміст, вы мусіце ведаць, што можна ацэньваць аўтарытэтнасьць і папулярнасьць крыніцы інфармацыі (то бок допіс у мінск_бай патэнцыйна без дадатковых спасылак прачытае большая аўдыторыя, чым допіс у маім прыватным блогу). Мы выкарыстоўваем каэфіцыент, паводле якога складаецца рэйтынг кожнага допісу: гэта прыкладна так: аўтарытэтнасьць крыніцы + колькасьць спасылак + колькасьць камэнтароў.
І дазвольце пакрытыкаваць вашу бліскучую праверку хібаў нашага рэйтынгу.
"праверыў два выпадкова абраных допісы праз Google (link:url) на наяўнасьць вонкавага спасыланьня - ніхто на іх не спасылаецца."
так, давайце паэксперыментуем:
http://www.google.com.by/search?q=link%3Awww.101blog.net
хмм, нуль вынікаў. Тым часам, магу прад'явіць сьпіс з як мінімум 17 лінкаў на наш сайт зь іншых блогаў. Думаю, без асаблівых цяжкасьцяў вы самі гэта праверыце.
тое самае з лінкамі на "http://abc-bel.vox.com". 0 вынікаў. дзіўна, ці ня так?
А вось, напрыклад, 2 вынікі, якія я толькі што атрымаў з нашай сістэмы па гэтым запыце:
http://serg.in/?p=919
http://abc-in-lj.livejournal.com/ (усе лінкі прыводзіць ня буду, бо гэта відавочна)
Або яшчэ лепш - прадэманструю, чаму гугл не падыходзіць для пошуку ў блогах - пашукаем спасылкi на сам www.livejournal.com:
http://www.google.com.by/search?q=link%3Awww.livejournal.com
у выніку атрымліваем "прыблізна 164 000 старонак, якія спасылаюцца на www.livejournal.com"
Але мы ведаем, што на ЖЧ і на асобныя блогі, якія вядуцца на сабдамэйнах ЖЧ, спасылаюцца як мінімум КОЖНЫ з блогераў, якія вядуць блог на гэтым сэрвісе (аўтаматычныя спасылкі ў профіле хаця б). Так што лік павінны быць як мінімум парадку некалькіх дзясяткаў мільёнаў, ці ня так?
Баюся, што гэты пошук не дае анічога карыснага, калі мы хочам глядзець спасылкі ў благасфэры. Гугл не займаецца сапраўдным індэксам нашай дзіўнай ЖЧ-цэнтрычнай благасфэры. (на жаль!)
Скрыпт, якім карыстаемся мы для аналіза колькасьці спасылак, можа памыляцца з-за абмежаванай базы для пошуку (усё-ткі мы ня яндэкс, наш павучок пакуль праіндэксіў толькі парадку 11000 актыўных беларускіх блогаў), але ён дакладна паказвае спасылкі ПАМІЖ рознымі рахункамі multiply, ЖЧ і Vox блогамі.
Так што на кожны допіс, які мы ставім ў топ, магу прад'явіць сьпіс спасылак і (або) іншыя крытэры, па якіх ён туды трапіў. Алгарытм не публічны, бо інакш нельга пазьбегнуць накрутак, тым больш у нашай маленькай благасфэры. Асноўныя крытэры - паўтаруся - колькасьць камэнтароў, папулярнасьць (аўтарытэтнасьць крыніцы) і колькасьць спасылак.
"Зьдзіўлены пабачаным у галоўным сьпісе матэрыялам з Народных навінаў Віцебску, бо гэта, як мне заўсёды падавалася, нармальны навінова-інфармацыйны рэсурс, а ня блог."
спасылкі на гэты допіс зьяўляліся не ў адным ЖЧ, што зьяўляецца дастатковай умовай, каб гэта тэма была папулярнай ў благасфэры.
"Функцыя пошуку, збудаваная на базе Google CSE
Плюс вынікі ўтрымліваюць спасылкі на небеларускіх блогераў. Дык cкарыстацца з паслугаў простага www.google.com на сёньняшні дзень будзе выніковей."
Паспрабуйце адшукаць самы папулярны допіс на тэму "Зянон" або "Z!" або што пішуць блогеры пра альбом НРМ "06" праз звычайны google.com. Згодны, больш тлумачэньняў не пашкодзіць, каб гэта было больш відавочна - працуем.
Я вельмі спадзяюся, што атрымаецца захаваць узровень узаемнай павагі - мне насамрэч вельмі цікава было прачытаць вашу рэакцыю, і я асабіста і ўся каманда ўсімі сіламі паляшаем сайт, каб ён быў карысным як мага большай колькасьці людзей з нашай мэтавай аўдыторыі. Буду рады, калі вы падцьвердзіце, што некаторыя няясныя моманты вырашаныя і здымеце абвінавачваньні ў "адбалдзізме" :)
П.С. Наконт заўвагі мэга-крытыка czyk:
multiply i vox (у колькасьці прыкладна тузіна актыўных блогаў) дададзеныя ў індэкс, дзякуй, далей гэта будзе аўтаматычна. Калі гэтыя блогі стануць дастаткова папулярнымі, то зьявяцца і допісы зь іх у топе. blogspot.com ужо ёсьць у індэксе, але магчыма, што ня ўсе цікавыя блогі трапілі ў індэкс - гэта цяжка адсачыць, бо колькасьць спасылак на допісы ў блогспоце невялікая.
таксама для czyk: Наконт паста Мерамо - вы працягваеце атаясамліваць аднаго чалавека (ЖЖ якога можа выдаліць з фрэндаў адным клікам) з усёй камандай. Я асабіста ніколі б не падумаў перанасіць стаўленьне да нейкага ЖЖ-карыстальніка на рэдакцыю сайта або газэты, дзе ён/яна працуе. У вас іншы падыход. Мне асабіста шкада.