Яшчэ крыміналка
Сябры Андрэя Кіма шукаюць відэа- і фотасьведчаньні з акцыі 21-га, у спадзяваньні, што гэта можа паслужыць доказам ягонай невінаватасьці (яго абвінавачваюць паводле арт.364 КК - гвалтоўныя дзеяньні ці пагроза ў адрас міліцыянта). Пры ўсёй павазе, вялікага сэнсу ў такім калекцыянаваньні ня бачу. Аднак, падтрымліваю рэклямай, бо самыя абвесткі - карысныя.
Таму што, калі дапусьціць, што судзьдзя будзе кіравацца менавіта матэрыяламі справы - а такога выпадку, у разьбіральніцтвах з палітычнай падкладкай, я ня ўпомню ніводнага разу ў найноўшай гісторыі Беларусі - відэа/фота дакажа толькі тое, што ў час, калі рабіліся здымкі Андрэй нічога крымінальнага ня робіць, і ня болей. І тое, не гарантавана, бо артыкул такі, што пад яго падыходзіць і вэрбальная пагроза, а яе абвергнуць візуальнымі матэрыяламі практычна немагчыма.
Насамрэч, ягоны лёс будзе ў большай ступені залежаць ад фактараў далёкіх ад юрыспрудэнцыі. Таму, наайважней цяпер - паболей шуму вакол справы, каб агалошваць палітычны статус падзеі. Тады будзе большая верагоднасьць таго, што ў зьвязку зь якімісьці чарговымі паседжаньнямі, перамовамі ці сэсіямі справу Кіма прыспусьцяць на тармазах, як гэта было з МФ-аўцамі ў траўні ды, як хутчэй за ўсё, адбылося з вызваленьнем Дашкевіча (наўрад ці выпадкова, што яно супала з паседжаньнем ПАРЭ).
Зьбіраньне фота-відэа ды іншай мультымэдыі, у гэтым сьвятле, карыснае стварэньнем інфармацыйнайнай хвалі, а не самімі матэрыяламі.
P.S. Да тэмы
чэсных судзьдзяў, прыгадалася мне, як у 1999 г. сябра БНФ Аляксея
Каваля судзілі за "зьбіцьцё міліцыянта" падчас сьвяткаваньня Дня Волі
1998 г. Ён, насамрэч, на той акцыі і ня быў нават, адпрацоўваў сваю
зьмену, што пацьвярджалі ягоныя калегі і дакумэнты з працы. Супраць
былі толькі паказаньні "пацярпелага", але ж іх хапіла, каб прысудзіць
яму 2 гады хіміі.
