11 posts from 2007
- January
- February
- March
- April
- May
- June
- July
- August
- September
- October
- November
- December
У нас, беларусаў, шчыльненькі такі інтэрнэт, і я ня маю сумневаў, што гэты тэкст будзе прачытаны людзьмі з каманды 101blog. Маючы досьвед працы над грамадзкімі праектамі, ведаю, што крытыка раздражняе :) Аднак, мушу сказаць, вораг добрага праекту ніколі ня стане крытыкаваць яго, хаця б таму, што не захоча накручваць ягоную цытаванасьць :) Таму ўспрымайце гэты тэкст як мой шчыры пЭар, але з бочкай лыжкай вымушанага дзёгцю.
Заўважаючы ў LJ ціхую і гучную рэкляму блогера Ant1killer, я пачаў здагадвацца пра магчымае прышэсьце новага блогаарыентаванага сэрвісу для беларусаў. Мае прыватныя спадзевы засяроджваліся вакол чагосьці накшталт reddit ці digg. На (мой асабісты) жаль, вынік, прэзэнтаваны пад назвай 101 блог, скіраваны кудысьці ў іншы бок. Прычым я дагэтуль не зусім разумею ў які канкрэтна!
Пачаць варта з таго, што я крыху не даганяю ці ўваходжу я ў мэтавую групу, на якую разьлічаны праект, і, калі так, дык хто там мае быць апрача мяне? Пытаньне гэтае ўзьнікла, калі, падчас першага ж прагляду я натыкнуўся вачыма на загаловак аднаго з інфармацыйных блёкаў - So wassup? Як аматар шэрагу амэрыканскіх рок-н-рольных гуртоў, якія выкарыстоўваюцьлі слэнг у сваіх песьнях, я адчуў нешта роднае. Аднак, калі менавіта піпл такога кшталту і ёсьць меркаваным асяродкам карыстальнікаў, дык я не разумею, дзе надпісы Hey, dude!, WTF? ды back off, bitch! Можна дапусьціць, што рок-н-рольшчыкі, насамрэч, ідуць лесам, а прадукт нацэлены на аматараў хіп-хопу, але ж тады наведнікаў мусіў бы сустрэць вокліч Yo, brother!, ці ня так?
Другі апёк ад знаёмства - постмадэрнісцкае спалучэньне дызайнэрскіх тэндэнцыяў. Спрошчана, можна сказаць, што вэбдыз можа перасьледаваць адну зь дзьвюх мэтаў:
- зрабіць
пацыентунаведніку зручна, а значыць рабіць усё традыцыйна, без інтэрфэйсных нечаканасьцяў, нават, калі дызайнэру гэта даўно абрыдла;
- зрабіць ня так як усе, што звычайна выклікае ў
пацыентакарыстальніка некаторыя нязручнасьці, але затое весела і задорна.
То бок, у кожным разе мы нешта выйграем, а недзе губляем - жыцьцё такое.
Стоадзінблог у незвычайны спосаб спалучае найгоршыя рысы абодвух тэндэнцыяў. Ён няяркі і не асабіва арыгінальны, і тым жа часам нязвыклы і нязручны. Адзіная зразумелая з ходу рэч - гэта тое, што на старонцы разьмешчаныя спасылкі на нейкія блог-допісы, і за іх можна прагаласаваць. Але навошта, якога кшталту і дзеля чаго вылучаныя менавіта яны - ужо няўцямна. Як чалавек недалёкі дасьведчаны я адразу ўхапіўся за выратавальнае кола спасылкі "Пра гэты сайт". Аднак, па прачытаньні яго абсяг майго неразуменьня значна пашырыўся. Я разумею, што ў такіх справах крыху рэклямнай рыторыкі незашкодзіць, але пасьля амбітнай заявы навіны, адабраныя менавіта пад ЦЯБЕ, я бы хацеў пабачыць гіпэртэкставую спасылку на тое месца, дзе знаходзяцца навіны адабраныя менавіта для (чаму пад?) мяне.
Дарэчы, каб cкончыць з дызайнам, вось на гэтых арыгінальных белых вынасках, надпісы мусяць быць спасылкамі - гэта вельмі даўняя і здаровая традыцыя вэбдызу, а інакш іх лепш прыбраць, каб не прымушаць наведнікаў марна клацаць мышкай.
Зараз мы ведаем, дзе шукаць навіны пра тое, што зьмянілася ад моманту ўваходу Польшчы ў Шэнґен, які гурт пераможа на наступным гіт-парадзе й як даехаць ад Менску да Берліна аўтастопам у адзін дзень! - складаецца ўражаньне, што аўтар гэтага пасажу перахваліўся, альбо гэтая інфармацыя - ну, пра Шэнген мне сапраўды цікава - даступная толькі за грошы, бо ў адкрытым доступе на сайце нічога падобнага я не знайшоў.
Уся інфармацыя з прааналізаваных рэсурсаў падаецца цэнтралізавана, клясыфікуецца, ацэньваецца рэдактарамі - халера вас бяры, дзе гэта ўсё? То бок, цэнтралізавана - гэта я зразумеў, маецца на ўвазе сьпіс на першай старонцы, аднак ніякай адэкватнай клясыфікацыі ці рэдактарскіх ацэнак там няма.
Самыя папулярныя навіны паводле колькасьці камэнтараў, праглядаў ды спасылак ставяцца на першую старонку - як праграміст прашу падзяліцца са мною спосабам дазнацца пра колькасьць праглядаў на чужым сайце без публічнага лічыльніка. Вельмі моцна падазраю, аднак, што такога спосабу няма, і ў такім разе сказ варта падрэдагаваць, бо няпраўда. Колькасьць камэнтароў? Што ж, гэта які-ніякі, але крытэр. Аднак, у сьпісе прысутныя допісы з 10-15 камэнтарамі, хаця я нават у сваёй небагатай фрэндстужцы знайду варыянты пасалідней. Колькасьць спасылак - гэта мне падабаецца! Аднак, і тут нешта ня тое: праверыў два выпадкова абраных допісы праз Google (link:url) на наяўнасьць вонкавага спасыланьня - ніхто на іх не спасылаецца. Так што, прыйдзецца зрабіць выснову, што на цяпершні час сьпіс на галоўнай старонцы фармуецца высокатэхналягічным спосабам "ад балды". Я спадзяюся, што мэханізм адбору будзе адладжаны ў будучыні. Урэшце-рэшт на галоўнай старонцы вісіць банэр пра бэта-тэстынг, але ж тады і апісаньне сайту варта пісаць у будучым часе! Бо сярод наведнікаў непазьбежна знойдуцца тыя, для каго бэта-тэстынг мала адрозны ад гама-радыяцыі, і гэтыя людзі будуць думаць, што іх папросту падманваюць. А ў інтэрнэце падобныя чуткі разыходзяцца вельмі хутка.
Зьдзіўлены пабачаным у галоўным сьпісе матэрыялам з Народных навінаў Віцебску, бо гэта, як мне заўсёды падавалася, нармальны навінова-інфармацыйны рэсурс, а ня блог.
Некаторыя допісы цалкам здубляваныя ў сыстэму Стоаднагоблогу, што вельмі небясьпечна. Зусім ня кожны матэрыял даступны публічна, можа быць свабодна скапіяваны, і калі аўтары праекту ня выправяцца, дык іх рана ці позна дастане доўгая рука капірайту.
Функцыя пошуку, збудаваная на базе Google CSE (паводле сутнасьці, гэта пошук праз Гугл, але з кастамізаваным індэксам) патэнцыйна цікавая, але не цяпер. Наколькі вынікае з маіх досьледаў, створаная аўтарамі праекту база не ўключае ў сябе ані Vox, ані Blogspot, ані Multiply. Плюс вынікі ўтрымліваюць спасылкі на небеларускіх блогераў. Дык cкарыстацца з паслугаў простага www.google.com на сёньняшні дзень будзе выніковей.
Іншыя разьдзелы сайту прапануюць свае загадкі. Напрыклад, "Топ-крыніцы" спрабуе мяне пераканаць, што беларускія блогеры часьцей за ўсё спасылаюцца на technorati, што - наважуся сьцьвярджаць - не адпавядае рэчаіснасьці, а блог lelichak тамсама фігуруе чамусьці аж двойчы.
Ёсьць разьдзел "Чарты", што ў перакладзе на беларускую азначае "Графікі". І вось тут, шаноўнае спадарства, зусім гамон. Прапаноўваць "рэйтынг згадваньня палітыкаў", з надта ляканічным ды прэтэнцыйным тлумачэньнем паводле традыцыйных мэдыяў, які ўзяты з bdg.by - гэта значыць падманваць людзей. Я ня ведаю, ці ўдзельнікі праекту бачылі старонку О рейтинге, дзе ясна пералічаныя крыніцы, на базе якіх гэты самы рэйтынг лічыцца. Запрашаю азнаёміцца:
- http://www.respublika.info/
- http://rss.interfax.by/
- http://telegraf.by/
- http://news.belta.by/
- http://naviny.by/
- http://charter97.org/
- http://www.kp.belkp.by/
- http://www.afn.by/
- http://www.tut.by/
Паводле той інфармацыі, якой валодаю я, гэтая бэдэгэшная сыстэма ў прынцыпе няздольная працаваць зь беларускамоўнымі тэкстамі, гэтым тлумачыцца адсутнасьць у пераліку цалкам беларускамоўных крыніцаў накшталт "НН" і Радыё "Свабода", аднак нават і расейскамоўныя адабраныя даволі забаўна. Скажам, хто можа растлумачыць чаму "Рэспубліка" - важная, а "СБ" - не? Хаця ў апошняй чытачоў (і на паперы, і ў сеціве) на парадак болей. Відавочна, што гэты "рэйтынг" можа лічыцца пасьпяховай праграмісцкай разьмінкай па апрацоўцы масіваў навіновай інфармацыі, аднак, ня мае практычнай карысьці для паспалітага карыстальніка.
Сама сыстэма канкурэнцыі блогаў таксама выклікае пытаньні. Пакуль што, гэта тое ж самае, што і апытаньні ў блогу Ant1killer-а - то бок нешта больш падобнае да сеткавай гульні "хто лепш праматывуе сябраў прагаласаваць за сябе", а не да сацыяльнага адбору найцікавейшых матэрыялаў.
Падсумоўваючы ўражаньні, скажу так - першы digg (technorati?) комам. Ці выруліць праект на шырокі прастор беларускай благасфэры, пакуль няясна. Буду рады, калі і мае заўвагі паслужаць чароўным падсрачнікам чымсьці дапамогуць.
Цытата:
Палац Рэспублікі - лепшая пляцоўка для дзіцячых ранішнікаў
Амаль зь дзіцячай шчырасьцю выказаўся палатачны дэпутат Кучынскі, зьвяртаючыся да міністра эканомікі з нагоды ўхваленьня бюджэту:
Што б вы рабілі, калі б сярод дэпутацкага корпусу былі прадстаўнікі палітычных партый, або мы выкарыстоўвалі свой інтэлект ... і пачалі б уносіць свае папраўкі?
Скарочаная цытата з артыкулу Паўлюка Быкоўскага.
Сёньня а 10-й ранку палез на навіновыя сайты даведацца пра стан моцна зьбітага мінулым вечарам Хведарука. Аднак, апошняя інфармацыя - учорашняя. Мне гэта цяжка зразумець. Калі апоўначы ставіцца паведамленьне, што чалавек у цяжкім стане, дык натуральна - я так мяркую - даць зранку апдэйт на гэтую тэму. Калі няма нічога новага, так і напісалі бы: "хх:хх - нічога новага", засьведчыўшы ўзровень грамадзкай культуры. Хведарук мне ня сябар, і на вольных выбарах я наўрад ці прагаласую за такога кандыдата, але я веру, што згаданая вышэй культура мусіць улучаць у сябе пачуцьцё салідарнасьці.
Vox, канечне лепш за LiveJournal, набор і зручнасьць функцыяў істотна пераўзыходзяць жажэшныя. Сярод іншага, падабаецца магчымасьць бачыць любую актыўнасьць сваіх "суседзяў" (neighbors - гэта воксаўскі аналяг "фрэндаў"), а ня толькі постынгі - гэта дадае нейкай асаблівай сацыяльнасьці :) Галоўная праблема, што там мала "нашых". Спадзяюся, неўзабаве СУП адчабучыць чагосьці такога, ад чаго карыстальнік ізноў пачнуць уцякаць.
Напісаўшы папярэдні абсалютна непалітычны пост, я ўжо лічыў, што далей будзе суцэльны лытдыбр і народныя казкі. Але ж зьезд скончыўся, а балаган працягваецца. Вашай увазе прапануецца сцэнка з жанру няўдалай прапаганды (здымак з сайту svaboda.org, пытаньні для анлайн-канфэрэнцыі нашага Баршча Лявона Пятровіча):
- Марыйка, зачем ты збріл усы?
P.S. Калі сур'ёзна, зьвяртаюся да тых маіх калегаў, хто не заўважыў завяршэньня выбараў старшыні: вы сапраўды не разумееце, што ў такі спосаб лажаеце партыю? І, паміж іншага, робіце мядзьведжую ласку Алесю.
P.P.S. Ледзьве не прапусьціў абдрукоўку: "аналайн-канфэрэнцыя".
Тэстую FriendFeed ды Spokeo - сэрвісы для стварэньня чагосьці накшалт "фрэндстужкі", але больш падрабязных і здольных спалучаць інфармацыю з розных сайтаў, прычым ня толькі блогавых. Мне здаецца, гэта дапаможа абыйсьці праблемы тых, хто ня хоча прывязвацца да LiveJournal, але хоча надалей сынхранізавацца з жажэшнымі сябрамі.
Калі ацаню - напішу справаздачу.
Тэму ўжо час зачыняць, але ж невысокі ўзровень палітычнае культуры некаторых прымушае думаць, што дэмакратыя - гэта, калі іхны кандыдат мусіць выйграваць аўтаматычна. А калі прайграў - значыцца масоны ўсё сапсавалі.
Прэтэнзіі да квоты МБНФ выглядаюць даволі дзіўна, калі ўлічыць, што традыцыя асобнага вылучэньня для моладзі закладзеная яшчэ за пазьнякоўскім кіраваньнем. Калі МФ быў фронтаўскай арганізацыяй - меў квоты на зьездах, дык нешта я ня ўпомню, каб хтосьці скардзіўся.
Толькі тады, калі прыхільнікі АМ пабачылі, што моладзь будзе галасаваць за ВВ аж раптам высьветлілася, што ўвесь час гэта было няправільна, толькі ніхто не заўважаў. Называецца такое: гумовая мараль.
Апошнім часам, падаецца, што не ў апошнюю чаргу з-за агрэсіўнасьці некаторых сваіх прыхільнікаў АМ і прайграў. З боку ВВ такія таксама былі, але, відавочна, меней (ці, прынамсі, яны ўмеюць стрымліваць свае эмоцыі і не заліваюць сеціва сваімі фрустрацыямі).
Стаміўся як сабака, бо абраўся ў падліковую камісію. Але задаволены сабака :) Вынік зьезду мне, збольшага, прыйшоўся даспадобы. Падчас гутаркі зь сябрамі пасьля заканчэньня, рагочучы ўяўлялі, што напішуць прававерныя зенаніты на форумах пасьля гэткага нечаканага павароту падзеяў ("хітры крок Лубянкі і небезьвядомага Ганса"), а таксама адказвалі на тэлефанаваньні і смскі ад ашалелых сяброў. Угу, а ўжо легендарны "пакойчык для КХП", з усяго відаць, застанецца анэкдотам.
Тымчасам, камэнты на форумах НН ужо паляць агнём :) Па-першае, сапраўды жорсткі жарт Лабковіча працяў чыёсьці сэрца. Калі пасаду намесьніка арганізацыйна-праўнага кірунку заняў Міхалевіч, але ж рыхтаваць дакумэнты ды прадстаўляць партыю ў мін'юсьце як заўсёды прапанавалі Ўладзю, той адгукнуўся: няхай, маўляў, Міхалевіч і працуе, раз намесьнік, і дадаў саркастычную цытатку з "Сабачага сэрца" - "Швондер оперірует лучше!"
Вось жа, нехта з пасьлядоўнікаў Алеся М (мне неяк падаецца, што гэта Андрэй Сухаверхі; магу і памыляцца, канечне) цяпер вяшчае пад нікам "Швондзер Лапковіч", напэўна з разьлікам папомсьціцца ў такі дзіўны спосаб. На мой пагляд, для тых хто ў курсе, эфэкт будзе адваротны, але ж пра густы не спрачаюцца.
Таксама тамака аб'явіўся новы віртуал, прасьветлены духам Зянона, пад нікам ignatt. Флудзіць не на жывот а на сьмерць.
P.S. Толькі заўважыў :)
Добры сусед Vojur, з глыбокім (як мне падалося) задавальненьнем дражніць і вярэдзіць душэўныя раны жэжэшных міхалевічафілаў і вячоркафобаў. Спачатку я зьдзіўляўся, дзеля якой халеры людзі, якія не былі і ня будуць сябрамі ПБНФ і нават у патэнцыйны электарат ня ўпісваюцца (гэта ж, ведаеце, строгая партыя, дарвецца, як кажуць, да ўлады - будзе за "траўку" саджаць) так надрываюць душы сочачы за вынікамі галасаваньня. Пачынаю падазраваць, што гэта ўсё ад таго, што ў краіне няма ня толькі дэмакратыі, але і нармальнага футболу. Так што выбары старшыні Народнага Фронту засталіся апошняй падзеяй, дзе можна з адрэналінам - такі няпэўны лік! - пазаўзець.
Калі тэндэнцыя захаваецца, то неўзабаве мусім чакаць зьяўленьня груповак у адмысловых шаліках, са сьцягамі і банэрамі, потым хіба і банды hools утворацца: Вячорка's Death Team, Міхельсон Warriors, Івашкевіч Street Fighters і Чыжоўскія пацаны Янукевіча.
Дарэчы, чаму б ня вырашыць зацягнутае пытаньне лідэрства на рынгу? Але баюся абодва цяперашнія прэтэндэнты будуць супраць, бо ў такім разе пераможа Янукевіч.
