Для мяне, як чалавека, які хацеў бы нацыстаў і сталіністаў бачыць толькі ў тэлескоп Hubble, не бліжэй суседняй галяктыкі, сёньняшні дзень - суцэльная камэдыя.
Сьвяткаваньне 3 ліпеня ў ролі "Дня Незалежнасьці" заслугоўвае званьня найбольшага абсурду чырвона-зялёнай ідэалёгіі, і ня толькі з улікам таго, што савецкая ўлада, якая ў гэты дзень зьмяніла нацыстаў у сталіцы нашай Бацькаўшчыны, актыўна расстрэльвала ці адпраўляла за палярнае кола тых, хто наважваўся нават абмеркаваць уголас ідэю тае самае незалежнасьці. Рэч у тым, што ў гэты дзень вэрмахт сядзеў яшчэ ў недалёкім Маладэчна. Інакш кажучы, 3 ліпеня - гэта дзень, калі гітлераўская і сталінская ўлады атрымалі прыблізна па 50% Беларусі. Чым не нагода для сьвята?
Чамусьці ў беларускіх мэдыях гэтага ўсё яшчэ няма, але NASA правяла брыфінг, на якім іхныя адмыслоўцы заявілі, што на Марсе, проста на паверхні знойдзены лёд. Строга кажучы, з абсалютнай пэўнасьцю гэта яшчэ не даказана, але адзначна можна сьцьвярджаць, што там ёсьць бела-бліскучае нешта, якое тае ад сонечных промняў. І гэта ня можа быць зьмерзлае CO2 (тое, што называецца "сухім лёдам") з увагі на навакольныя варункі. Гэтае адкрыцьцё лічыцца важным, бо дазваляе ізноў распачаць старыя спрэчкі на тэму "Ці ёсьць жыцьцё на Марсе?" Наяўнасьць вады, у прынцыпе, нічога не гарантуе, але яе адсутнасьць азначала б немагчымасьць існаваньня на плянэце арганічных матэрыялаў.
Фоткі можна глянуць тут: субстанцыя, якую лічаць лёдам, ляжыць у сьледзе марсахода.
Напісаў сп.Плашчынскаму адказ на ягоны пост, напісаны з нагоды падзеяў апошняга Сойму ПБНФ - выключэньня Алеся Міхалевіча [ пост Плашчынскага ]. Мне падалося, камэнт можа быць цікавы і іншым людзям, бо ў ім закранутыя думкі, які ў той ці іншай форме фігуруюць у мностве выказваньняў і камэнтароў, таму вырашыў яго вынесьці ў асобнае паведамленьне (зь невялікімі, касмэтычнага характару, зьменамі).
Кажучы пра гэтыя падзеі, я намагаюся адыйсьці ад ацэнак асабістага характару, і засяродзіцца на лёгіцы падзеяў, магчыма крыху халаднаватай, але ж за тое бесстароньняй. У выпадку, калі вы захочаце падыскутаваць - кіруйцеся, калі ласка, тым жа. Я думаю разважаньняў на тэму пэрсонаў (і збольшага залішне эмацыйных) за апошнія пару дзён напісана ўжо дастаткова.
Жора, я шкадую, што ты гэта напісаў. Аніяк не таму, што мне трэба бачыць цябе ў якімсьці канкрэтным лягеры - урэшце рэшт, якая розьніца, асабліва ўлічваючы, што ты ня сябра Фронту :) А таму, што ўзяўшы слана за хвост, ты безапэляцыйна сьцьвердзіў, што слон - гэта тонкая вяроўка.
Хаця эмацыйна мне, фронтаўцу і чалавеку асабіста знаёмаму з усімі "фігурантамі", надта непрыемна, што сытуацыя дайшла да такой кропкі, я хачу быць шчырым перад сабою, і, адпаведна, я не магу лічыць Алеся Міхалевіча "ахвярай". З адной вельмі простай прычыны: калі б ён набраў падчас зьезду на N-цаць галасоў болей і стаў бы старшынём, дык сутыкнуўшыся з фармальна выяўленым непадпарадкаваньнем з боку, дапусьцім, Вячоркі - вычысьціў бы яго не вагаючыся. І я гэта кажу зусім не дзеля таго, каб паказаць, што АМ "таксама дрэнны". Зусім наадварот - гэта было б правільна, гэтаксама як і тое, што цяпер робіць Баршчэўскі - правільна. Незалежна ад таго, хто зь іх табе больш даспадобы, правілы кіраваньня арганізацыяй аднолькавыя.
Бальшыня хібаў у тваіх разважаньнях вынікае з таго, што ты разглядаеш партыю як маленечкую мадэль дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым памылковым пастулятам, да ўнутрыарганізацыйнага жыцьця партыі мусяць прад'яўляцца тыя ж патрабаваньні, што і да сужываньня людзей унутры дзяржавы. Ты мог бы лёгка праверыць якасьць такога сьцьверджаньня праверыўшы яго на абсурднасьць: у прыватнасьці, калі твой пасыл верны, дык сацыял-дэмакратычная партыя, якая не прымае ў свае шэрагі людзей з антысацыялістычнымі перакананьнямі - парушае іхныя правы і ўвогуле паступае скрайне недэмакратычна. Чаму ж ня могуць, напрыклад, адэпты лібэртарыянства далучыцца да СД, каб разбурыць партыю знутры... вой, я хацеў сказаць, каб пакрытыкаваць кіраўніцтва ды іншым сябраў за іхны сацыялізм? Як жа права на выказваньне, унутрыпартыйная дэмакратыя і ўсе такія справы?
Вымушанае суіснаваньне ў межах дзяржавы і дабрахвотнае ўзаемадзеяньне ў межах арганізацыі адрозьніваюцца вельмі грунтоўна.
Сутнасна, партыя ствараецца для адзінага, супольнага дзеяньня. І для таго, каб яно сапраўды было такім, арганізацыя павінна практыкаваць унутраную дысцыпліну. І найпершы кансэнсус з усіх магчымых кансэнсусаў мусіць быць у тым, хто кіруе партыяй. А кіраўнік, афіцыйныя намесьнікі якога, сабатуюць ягоныя распараджэньні абавязаны альбо настаяць на сваёй волі, альбо падаць у адстаўку. І гэта не залежыць ад таго, як гучыць ягонае прозьвішча: Баршчэўскі, Вячорка ці Міхалевіч. Таксама, цалкам рацыянальным зьяўляецца патрабаваньне прытрымлівацца - прынамсі ў публічных выказваньнях - рытуальнай ветлівасьці ў дачыненьні да супартыйцаў, бо ад гэтага ўрэшце рэшт залежыць маральны клімат. Ніякай аналёгіі з "аховай годнасьці прэзыдэнта", я асабіста тут не заўважаю.
Спашлюся заадно і на прыклады: скажам брытанская Кансэрватыўная партыя выключыла Edgar-а Griffin-а, вельмі вядомага актывіста з 29-цігадовым стажам (!), за сувязі з партыяй-канкурэнтам. Годам пазьней Michael Keith Smith, лідэр адной з унутраных плыняў той жа партыі быў выключаны за зьняважлівы ў дачыненьні да дэпутатай-кансэрватараў рэклямны артыкул. Ці можна меркаваць, што палітычная сцэна найстарэйшай зь ліку жывых дэмакратыяў сьвету таксама "дэфармавалася пад уплывам дыктатуры Лукашэнкі"?
Зьвернутае да ЛБ абвінавачаньне ў тым, што ён "забыўся на варункі свайго абраньня" не адпавядае рэчаіснасьці, хаця гэта, пэўна, ужо не твая памылка, а неакуратнасьць рэпартажу, на які ты спаслаўся. Насамрэч, Баршчэўскі адкрыта заявіў, што будзе змагацца за выключэньне з партыі тых, хто ня выйдзе зь іншых палітычных утварэньняў. І зрабіў гэта, канечне ж, да галасаваньня.
Урэшце, ты маеш рацыю, калі кажаш, што сябрам партыі ня мае сэнсу забараняць сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях непалітычнага характару. Аднак, рух Мілінкевіча яўна да такіх не належыць. Гэта арганізацыя, якая ставіць перад сабой палітычныя мэты, у прыватнасьці, дасягненьне самім Мілінкевічам прэзыдэнцкае пасады. "Рухам" яна называецца, бо слова "партыя" (як і "апазыцыя") у гэтым сэзоне ня моднае.
На маю думку, Алесь сьвядома вырашыў згуляць з агнём, парушыўшы пастанову Сойму, з разьлікам на тое, што Баршчэўскі пабаіцца выключыць яго (бо Міхалевіч досыць заўважны ў мэдыях), і тым самым пазбавіцца аўтарытэту - хто будзе слухаць кіраўніка, якога можна пасьпяхова (і нават публічна) праігнараваць? Аднак, у сп.Лявона аказаліся нашмат вастрэйшыя зубы ды больш прынцыповая і ўпартая, чым меркаваў Міхалевіч, пазыцыя. І, па-мойму, гэта ня можа не выклікаць павагі.
Невыпадкова сэр Пол насуперак сваім ранейшым плянам - арганізаваць тур у Паўднёвай Амэрыцы - прыехаў у Кіеў. Канечне, ня можа быць супадзеньнем той факт, што шэраг сябраў кіраўніцтва БНФ зьбіраюцца ў Кіеў, нібыта "паслухаць старога бітла". За пагадненьнем стаіць украінскі алігарх Пінчук, якому і належыць думка замаскаваць сустрэчу пад канцэрт.
Навеяна "аналітыкай" з НН.
Ёсьць два пытаньні, што грызуць мяне ўжо колькі гадоў - з таго часу як я стаў карыстацца сецівам для пакупак.
1. Навошта вывешваць нумары ICQ мітычных кансультантаў, якія ніколі не бываюць online? Так робяць практычна ўсе сеткавыя гандляры, вялікія і маленькія, амаль легальныя і шэрыя. За ўсю гісторыю майго электроннага шопінгу, які ўключае прыблізна каля 50 спробаў (некаторыя ўдалыя, некаторыя ня надта) я ўпомню толькі 2 выпадкі, калі заяўлены кантакт сапраўды працаваў і адказваў на пытаньні. Абодва разы гэта былі поўныя нелегалы, якія не хацелі сьвяціць тэлефонных нумароў. Чаму той самай дыспэтчарцы, якая сядзіць на тэлефоне і адначасова раскладае пасьянсы на кампе, не падключыць ICQ, Jabber, Skype ды інш. балабаталкі? Насамрэч гэта бывае праблемай, асабліва калі купляеш кампутарныя вантробы. Калі табе трэба купіць штосьці што мае маркіроўку XFhgdJyRRfg5454HGj і яе важна не пераблытаць з XFhgdJyRRfg5754HGj, дык тэлефон пасуе ня надта добра.
2. Навошта вывешваць усе тавары, якія толькі можна ўявіць, калі ў рэчаіснасьці 90% прайс-лісту адсутная ў асартымэнце?
- Прывязіце мне "A"!
- "A" ў нас няма.
- Ну, хаця б "B"...
- "B" таксама няма!
- А "C"?
- Няма.
- А што з гэтай катэгорыі ёсьць?
- Нічога, але калі вы патэлефануеце празь месяц...
З музэю ўнівэрсытэту канадзкай правінцыі Брытанская Калюмбія скралі некалькі залатых прадметаў, якія, апрача "мэталічнай", маюць значную гістарычную і мастацкую вартасьць, так што іхны агульны кошт ацэньваецца ў $2 млн. Самая забаўная частка гісторыі - гэта мэтад, з дапамогай якога зламысьнікі абыйшлі праблему з сыгналізацыяй. Яны папросту патэлефанавалі ў ахову музэю, і прадставіўшыся прадстаўнікамі кампаніі, што абслугоўвае сыстэму кантролю за пранікненьнямі, сказалі, маўляў, чэлы, у нас тут маленькія тэхнічныя праблемы, з-за гэтага сёньня будзе адно фальшывае спрацоўваньне сыгналізацыі - не зьвяртайце ўвагі, пацаны! Ну, пацаны і не зьвярнулі...
Не заўсёды гэта праяўляецца ў такіх яркіх барвах, але, у прынцыпе, гэта дастаткова характэрная праблема: чалавек звычайна зьяўляецца найслабейшым злучвом у ланцугу бясьпекі, бо на яго можна "зрабіць уражаньне", і разам з тым вельмі цяжка прымусіць да драбніцаў прытрымлівацца занудных інструкцыяў.
...якая яго зьдзейсьніць. * Мусіць быць законам Мэрфі.
У 90-х надта папулярныя былі страшылкі пра кампутарныя вірусы, які замбуюць ці даводзяць да вар'яцтва / глухаты / сьлепаты / самагубства выдаючы на экран загадкавыя, распрацаваныя ў таемных лябараторыях, пасьлядоўнасьці каляровых геамэтрычных фігураў ці сакрэтныя частоты праз штатны сьпікер. Натуральна, што адэкватныя людзі з гэтых гісторыяў толькі сьмяяліся. Аднак, насамрэч існуюць людзі, якіх можна атакаваць у падобны спосаб - гэта эпілептыкі. Аніякіх адмысловых тэхналёгіяў ня трэба, для некаторых ахвяраў гэтае хваробы (г.зв. фотасэнзытыўных) дастаткова некалькіх рэзкіх зьменаў яркіх колераў, каб справакаваць прыступ. І такі знайшлася нейкая навалач, якая разьмясьціла javascript-код, прызначаны менавіта для гэтай мэты, на форуме падтрымкі хворых на эпілепсію, адчыненым на сайце Epilepsy Foundation.
Улюбёны аргумэнт за нэўтральнасьць - "Паглядзіце на Швайцарыю!" - ня варты і гнутага цэнту. То бок, на альпійскую краіну паглядзець цікава - Альпы, лыжы, фунікулёры, каровы са званочкамі, фандзю і ўсе такія справы, дзьве вайны, вакол усе ў дзярме і крыві, а яны ў чакалядзе. Швайцарскім. Быў бы зь іх цудоўны постэр: "За Нэўтральнасьць!", але ж вось бяда, праклятая Бэльгія заплямлівае ўсю райскую карціну. Я, уласна, пра тое, што бэльгійцы (гэтаксама як і галяндцы) дэкляравалі свой нэўтралітэт у абодвух сусьветных войнах і... не-а, не спрацавала. Стратэгічна каштоўная тэрыторыя, разумееце. Як і ў Беларусі, дарэчы.
Жыцьцё - гэта не дзіцячая гульня, дзе можна сказаць "я ў доміку!" і цябе ніхто не кране. Фактычна, нэўтральнасьць дзейнічае толькі тады, калі адпавядае інтарэсам наймацнейшых бакоў (патэнцыйнага) канфлікту. Другая сусьветная асабліва павучальная ў гэтым сэнсе: з 20 краінаў, якія спрабавалі сказаць "мы не прычым", 15 апынуліся пад акупацыяй! А зь пяцікраінавай рэшты: дзьве - на ўскрайках Эўропы, куды вайна папросту не дакацілася, дзьве, якія пры нізкай статэгічнай вартасьці тэрыторыяў, да 1943 г. спраўна выкармлівалі гітлераўскую ваенную прамысловасьць пастаўкамі мэталаў, і толькі адзіная Швайцарыя, чыю нэўтральнасьць можна прызнаць пасьпяховай. Ну, гэта калі не прыгадваць, што ў германскім штабе быў гатовы плян яе акупацыі (Tanenbaum), проста рукі не дайшлі.
Так што, паглядзіце лепш на Бэльгію. Там бэльгійскі чакаляд і штаб-кватэра NATO.
Прачытаў пазнавальны артыкул пра brain-splitting (разраньне часткі мозгу, якая адказная за сувязі паміж паўшар'ямі, выкарыстоўваецца для лячэньня складаных выпадкаў эпілепсіі), і гледзячы на фота прэпараваных чалавечых глуздоў, узгадаў, што я яшчэ і не паеў сёньня. І хаця я неўзабаве прыняў пакецік пюрэ "Galina Blanca", думкі мае працягвалі абарочвацца вакол тэмы мозгу, і шляхоў яго функцыянаваньня. Менавіта таму, пакуль мае фрэнды будуць пераціраць падрабязнасьці ўчорашняй акцыі, я як заўсёды вярнуся да тэмы шызыфрэніі.
Вар'ятаў вакол нас вельмі шмат, толькі звычайны чалавек гэтага не заўважае, бо існуе ў дастаткова ўстойлівым асяродзьдзі, у сваёй, скажам прама, сацыяльнай сетцы. А вось тыя, каму даводзіцца працаваць зь людзьмі - у грамадзкай арганізацыі ці офісе палітычнай партыі, судзе ці адвакацкай канторы, ЖЭСе ці тралейбусным парку - заўсёды маюць досьвед камунікацыі з псыхічна хворымі. Быў час, калі я часта валянтэрыў "за стойкай" у вітальні штаб-кватэры БНФ, і гэта якраз быў пачатак вясны - самы гарачы час - яны завітвалі дзесьці па два ў тыдзень. Адзін грамадзянін прапаноўваў псыхатронную зброю, якую ён нядаўна вынайшаў, бабушка прасіла арганізаваць пікет перад ЖЭК-ам, бо апошні не рэагаваў на яе просьбы высяліць небясьпечных андройдаў з суседняў кватэры, яшчэ быў прыхільнік Лукі, які пагражаў нам "славянскай магіяй", і нават некаторы час настырна размахваў рукамі перад уваходам ды падвываў. Я падумаў, што перамагчы яго можна толькі ў рамках ягоных уяўленьняў, таму выйшаў з кубкам вады і стаў яго з сур'ёзным выглядам акрапляць. Ён сапраўды перапалохаўся і ўцёк.
А былі яшчэ ўмоўна нэўтральныя, яны не апускаліся да палітычнага жыцьця Беларусі, а зьбіраліся ашчасьлівіць адразу ўсё чалавецтва. Такія звычайна дзелавіта даставалі з партфэляў тоўстыя стосы папераў і казалі, вось, маўляў, тут плян рэфармаваньня плянэты, дапамажыце падняць гэтае пытаньне ў ААН! Дарэчы, падумалася, а Карл Маркс, ён, часам, не з такіх быў?
Самы запамінальны пэрсанаж прышоў у 2000 г., з ходу запатрабаваў аўдыенцыі у "наивысшего руководства партии" - прыблізна так і выказаўся. Аднак, праходзіла моладзевае мерапрыемства, на якім "старэйшымі па пасадзе" апынуліся я і Сяржук Б-н, так што мы да візытанта і падыйшлі. Здаровы такі мужык, у палітоне, а ў руцэ авоська з харчамі. Адразу шчыра сказаў, што ён толькі што выпушчаны "на пабыўку" з Навінак. Калі вы ня ў курсе, псыхлякарня для эканоміі сродкаў выпускае пацыентаў падкарміцца на выходныя, таму верагоднасьць сустрэць вар'ята ўзрастае ў гэтыя дні, асабліва ўздоўж маршруту 18-га аўтобусу. Пасьля гэтых словаў сп. Б-н адразу ж зьліняў - трэба ж за парадкам у залі прасачыць, ага! А мяне "па-сяброўску" пакінуў гутарыць з Ганібалам Лектарам :) Потым апраўдываў свой подлы ўчынак тэмпэрамэнтам, маўляў, ты ж спакойны як пітон, а я не. Як я ўжо зазначыў вышэй, дзядзька быў габарытны: каля мэтру дзевяноста, шыракаплечы, мускулісты і ўзбуджана-агрэсіўны. З чырвоным тварам, рэзка жэстыкулюючы, пэрыядычна падвышаючы голас да крыку, ён паведаміў сярод іншага, што ў псыхушку яго забралі несправядіва, бо ўсё, што ён зрабіў - гэта адарваў ад столі жырандоль і кінуў ёй у жонку, а потым падпаліў кватэру, але "жонка сама вінаватая". І яшчэ кідаў вазонамі з акна ў машыну суседа, але таксама ж не без прычыны: сусед заўсёды хацеў яго забіць!
Дык вось, гэты мужык меў безьліч ідэяў наконт таго, як можна хутка прыйсьці да ўлады і прагнуў імі падзяліцца. Многае з таго, што ён вёрз, я вам скажу, сёньня можна пачытаць у блогах шматлікіх самаабвешчаных палітэкспэртаў. Цяпер ён таксама мог бы стаць палітэкспэртам, і яго б фрэндзілі, камэнцілі б - "+1", але ж у тыя пракаветныя часы не было блогаў! Вось з-за гэтай тэхнічнай адсталасьці давялося яму прыйсьці асабіста і ўсё мне распавесьці.
Усё ж некалькі прапановаў былі ярка арыгінальнымі. Напрыклад, купіць колькі тысячаў задніх ног ад кароваў ці быкоў і выварыць, каб ачысьціць ад мяса, а потым папарна злучыць мэталічнымі ланцужкамі. І гэтымі касьцянымі нунчакамі гасіць амонаўцаў. Пацыент сьцьвярджаў, што такая зброя ня толькі валодае надзвычайнай убойнай сілай, але і аказвае на праціўніка моцны псыхалягічны ціск. І мала таго, казаў ён, калі што, суд не прызнае гэта халоднай зброяй - "Какое оружие, друг? Это же кости обычной коровы!"
Ну, карацей, я справіўся. Галоўны сакрэт у размове з вар'ятам - не пярэчыць яму, не спрабаваць вярнуць у рэчаіснасьць, а наадварот, паводзіцца так, нібыта ён гаворыць нармальна і разумна. Я актыўна слухаў, казаў - "Ага!", "Разумею!", "Цікавая ідэя! Мы абмяркуем яе на бліжэйшай нарадзе." Ён пакрысе супакойваўся. Пад канец, сказаў, што я "толковый парень" і папрасіў у мяне нумар тэлефону, каб і надалей дзяліцца думкамі. Я цьвёрда адмовіў: "Не магу, кансьпірацыя!"
- Уважаю! - адказаў ён і сыйшоў.
Вось яшчэ гісторыя ад righthinker-а, да яго завітаў чалавек з Марсу.
А на тым знакамітым open-air-ы, які адбыўся ў сакавіку 2006 г. мне даводзілася абараняць сцэну ад яшчэ аднаго марсіяніна. Ён сьцьвярджаў, што мае дакумэнт, які дастаткова зачытаць у мікрафон, і назаўтра Лука змыецца ў Іран. Дзеля цікаўнасьці я папрасіў яго паказаць, што ён хацеў бы агучыць, ён палахліва азіраючыся - "Разумееце, гэта ж выбуховая інфмарацыя! Нас могуць забіць за яе!" - дастаў некалькі брудных і выцьвілых, але затое залямінаваных выразак з "Камсамольскай праўды", пры гэтым ён сьцьвярджаў, што гэта New York Times.
Бываюць і зусім забойчыя выпадкі: праваабаронца зь "Вясны" Валянцін С-ч распавядаў пра выпадак, калі да адваката прыйшоў інтэлігентны чалавек, які шчыра прызнаўся: "Я - імбрык!", маючы на ўвазе менавіта прадмет кухоннага побыту, у якім грэюць ваду для гарбаты. Яму падавалася несправядлівым тое, што іншыя людзі так ня лічаць, і ён хацеў падаць на кагосьці ў суд, каб яго прызналі імбрыкам, абавязкова афіцыйным парадкам, з выдачай адпаведнага дакумэнту. Юрыст не разгубіўся ў няёмкай сытуацыі, і скіраваў яго ў Дзяржбюро па інвэнтарызацыі.
Яшчэ больш давялося чытаць неверагодных e-mail-авых паведамленьняў, калі я займаўся адным папулярным сайтам. Калі рукі дойдуць - дастану з архіву.
Маючы гэты досьвед, я бяруся сьцьвярджаць, што калі вы стаіцё, да прыкладу, на шматлюднай станцыі мэтро "Кастрычніцкая", то вакол вас, недзе ў натоўпе прысутныя 5-10 чалавек з альтэрнатыўнай рэчаіснасьці. Карацей кажучы: будзьце пільныя! Адзін такі, калі верыць прафэсару Шчыгельскаму, увогуле кіруе краінай.
Паўтараю: не існуе нармальнага софту для офіснай працы. Дзьве тысячы, бл..., сёмы год.
Маю тэкст добра набраны і даволі пісьменна адфарматаваны ў Word. Трэба проста зрабіць зь яго pdf, толькі адна дробязь - неабходна пакласьці пад тэкст фонавы малюнак. Ну, здавалася б, раз няма неабходнасьці ўносіць фарматна-вярстальных зьменаў, дык можна "выкаціць" пэдээфы проста з рэдактара. А вось хрэн! MS Word ня ў стане разьмясьціць фон з пазыцыі (0; 0), і часам ставіць малюнак са зьмяшчэньнем, пакідаючы з боку белую паласу, адрэгуляваць - немагчыма. OpenOffice ня ў змозе паставіць "падкладку" на ўсю старонку - толькі на тэкставы фрэйм. Падзабыты Abiword, як ня дзіўна, з задачай справіўся лепей за іншых, але ў выніковым PDF адсутнічаюць зусім ня лішнія літары, і нават не кірыліца.
Насамрэч, гэта далёка ня першы мой удар галавою аб цагляную сьцяну офіснай рэчаіснасьці, да гэтага былі траўмы з адвольным зьнікненьнем фарматаваньня, і 60 чартаў... не пра чарты я ўзгадываць ня буду, бо грубыя мужланы, якія пісалі код для мs ды open прымусяць мяне плакаць.
Карацей, я напісаў праграму, якая ўстаўляе малюнкі непасрэдна ў pdf. Гэтаксама я ратаваўся і з тымі праклятымі дыяграмамі - Perl + ImageMagick. Атрымліваецца, што ледзьве ты выходзіш па-за рамкі трывіяльных задачаў "набраць тэкст/зрабіць падлікі ў табліцы" - і ўсё, гамон, ты ў багне, і твой офісны пакет табе нічога не гарантуе. Вось толькі набіраць ды падлічваць я мог яшчэ ў тыя часы, калі вымушаны быў карыстацца чорна-белым (насамрэч, ён быў чорна-зялёны) альфабэтна-лічбавым - то бок да графікі ён быў ня здольны ў прынцыпе, нават на 16 колераў - дысплэем, і ня ведаў слова "іконка". А з таго часу гаўнакодэры з MS і Sun атрымалі заробкаў без перабольшаньняў на дзясяткі мільёнаў даляраў. Ня дзіва, што цяпер у рэкрутынгавай модзе індусы - яны хаця б абыходзяцца таньней.
