Улюбёны аргумэнт за нэўтральнасьць - "Паглядзіце на Швайцарыю!" - ня варты і гнутага цэнту. То бок, на альпійскую краіну паглядзець цікава - Альпы, лыжы, фунікулёры, каровы са званочкамі, фандзю і ўсе такія справы, дзьве вайны, вакол усе ў дзярме і крыві, а яны ў чакалядзе. Швайцарскім. Быў бы зь іх цудоўны постэр: "За Нэўтральнасьць!", але ж вось бяда, праклятая Бэльгія заплямлівае ўсю райскую карціну. Я, уласна, пра тое, што бэльгійцы (гэтаксама як і галяндцы) дэкляравалі свой нэўтралітэт у абодвух сусьветных войнах і... не-а, не спрацавала. Стратэгічна каштоўная тэрыторыя, разумееце. Як і ў Беларусі, дарэчы.
Жыцьцё - гэта не дзіцячая гульня, дзе можна сказаць "я ў доміку!" і цябе ніхто не кране. Фактычна, нэўтральнасьць дзейнічае толькі тады, калі адпавядае інтарэсам наймацнейшых бакоў (патэнцыйнага) канфлікту. Другая сусьветная асабліва павучальная ў гэтым сэнсе: з 20 краінаў, якія спрабавалі сказаць "мы не прычым", 15 апынуліся пад акупацыяй! А зь пяцікраінавай рэшты: дзьве - на ўскрайках Эўропы, куды вайна папросту не дакацілася, дзьве, якія пры нізкай статэгічнай вартасьці тэрыторыяў, да 1943 г. спраўна выкармлівалі гітлераўскую ваенную прамысловасьць пастаўкамі мэталаў, і толькі адзіная Швайцарыя, чыю нэўтральнасьць можна прызнаць пасьпяховай. Ну, гэта калі не прыгадваць, што ў германскім штабе быў гатовы плян яе акупацыі (Tanenbaum), проста рукі не дайшлі.
Так што, паглядзіце лепш на Бэльгію. Там бэльгійскі чакаляд і штаб-кватэра NATO.
