Чамусьці ў беларускіх мэдыях гэтага ўсё яшчэ няма, але NASA правяла брыфінг, на якім іхныя адмыслоўцы заявілі, што на Марсе, проста на паверхні знойдзены лёд. Строга кажучы, з абсалютнай пэўнасьцю гэта яшчэ не даказана, але адзначна можна сьцьвярджаць, што там ёсьць бела-бліскучае нешта, якое тае ад сонечных промняў. І гэта ня можа быць зьмерзлае CO2 (тое, што называецца "сухім лёдам") з увагі на навакольныя варункі. Гэтае адкрыцьцё лічыцца важным, бо дазваляе ізноў распачаць старыя спрэчкі на тэму "Ці ёсьць жыцьцё на Марсе?" Наяўнасьць вады, у прынцыпе, нічога не гарантуе, але яе адсутнасьць азначала б немагчымасьць існаваньня на плянэце арганічных матэрыялаў.
Фоткі можна глянуць тут: субстанцыя, якую лічаць лёдам, ляжыць у сьледзе марсахода.
Напісаў сп.Плашчынскаму адказ на ягоны пост, напісаны з нагоды падзеяў апошняга Сойму ПБНФ - выключэньня Алеся Міхалевіча [ пост Плашчынскага ]. Мне падалося, камэнт можа быць цікавы і іншым людзям, бо ў ім закранутыя думкі, які ў той ці іншай форме фігуруюць у мностве выказваньняў і камэнтароў, таму вырашыў яго вынесьці ў асобнае паведамленьне (зь невялікімі, касмэтычнага характару, зьменамі).
Кажучы пра гэтыя падзеі, я намагаюся адыйсьці ад ацэнак асабістага характару, і засяродзіцца на лёгіцы падзеяў, магчыма крыху халаднаватай, але ж за тое бесстароньняй. У выпадку, калі вы захочаце падыскутаваць - кіруйцеся, калі ласка, тым жа. Я думаю разважаньняў на тэму пэрсонаў (і збольшага залішне эмацыйных) за апошнія пару дзён напісана ўжо дастаткова.
Жора, я шкадую, што ты гэта напісаў. Аніяк не таму, што мне трэба бачыць цябе ў якімсьці канкрэтным лягеры - урэшце рэшт, якая розьніца, асабліва ўлічваючы, што ты ня сябра Фронту :) А таму, што ўзяўшы слана за хвост, ты безапэляцыйна сьцьвердзіў, што слон - гэта тонкая вяроўка.
Хаця эмацыйна мне, фронтаўцу і чалавеку асабіста знаёмаму з усімі "фігурантамі", надта непрыемна, што сытуацыя дайшла да такой кропкі, я хачу быць шчырым перад сабою, і, адпаведна, я не магу лічыць Алеся Міхалевіча "ахвярай". З адной вельмі простай прычыны: калі б ён набраў падчас зьезду на N-цаць галасоў болей і стаў бы старшынём, дык сутыкнуўшыся з фармальна выяўленым непадпарадкаваньнем з боку, дапусьцім, Вячоркі - вычысьціў бы яго не вагаючыся. І я гэта кажу зусім не дзеля таго, каб паказаць, што АМ "таксама дрэнны". Зусім наадварот - гэта было б правільна, гэтаксама як і тое, што цяпер робіць Баршчэўскі - правільна. Незалежна ад таго, хто зь іх табе больш даспадобы, правілы кіраваньня арганізацыяй аднолькавыя.
Бальшыня хібаў у тваіх разважаньнях вынікае з таго, што ты разглядаеш партыю як маленечкую мадэль дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым памылковым пастулятам, да ўнутрыарганізацыйнага жыцьця партыі мусяць прад'яўляцца тыя ж патрабаваньні, што і да сужываньня людзей унутры дзяржавы. Ты мог бы лёгка праверыць якасьць такога сьцьверджаньня праверыўшы яго на абсурднасьць: у прыватнасьці, калі твой пасыл верны, дык сацыял-дэмакратычная партыя, якая не прымае ў свае шэрагі людзей з антысацыялістычнымі перакананьнямі - парушае іхныя правы і ўвогуле паступае скрайне недэмакратычна. Чаму ж ня могуць, напрыклад, адэпты лібэртарыянства далучыцца да СД, каб разбурыць партыю знутры... вой, я хацеў сказаць, каб пакрытыкаваць кіраўніцтва ды іншым сябраў за іхны сацыялізм? Як жа права на выказваньне, унутрыпартыйная дэмакратыя і ўсе такія справы?
Вымушанае суіснаваньне ў межах дзяржавы і дабрахвотнае ўзаемадзеяньне ў межах арганізацыі адрозьніваюцца вельмі грунтоўна.
Сутнасна, партыя ствараецца для адзінага, супольнага дзеяньня. І для таго, каб яно сапраўды было такім, арганізацыя павінна практыкаваць унутраную дысцыпліну. І найпершы кансэнсус з усіх магчымых кансэнсусаў мусіць быць у тым, хто кіруе партыяй. А кіраўнік, афіцыйныя намесьнікі якога, сабатуюць ягоныя распараджэньні абавязаны альбо настаяць на сваёй волі, альбо падаць у адстаўку. І гэта не залежыць ад таго, як гучыць ягонае прозьвішча: Баршчэўскі, Вячорка ці Міхалевіч. Таксама, цалкам рацыянальным зьяўляецца патрабаваньне прытрымлівацца - прынамсі ў публічных выказваньнях - рытуальнай ветлівасьці ў дачыненьні да супартыйцаў, бо ад гэтага ўрэшце рэшт залежыць маральны клімат. Ніякай аналёгіі з "аховай годнасьці прэзыдэнта", я асабіста тут не заўважаю.
Спашлюся заадно і на прыклады: скажам брытанская Кансэрватыўная партыя выключыла Edgar-а Griffin-а, вельмі вядомага актывіста з 29-цігадовым стажам (!), за сувязі з партыяй-канкурэнтам. Годам пазьней Michael Keith Smith, лідэр адной з унутраных плыняў той жа партыі быў выключаны за зьняважлівы ў дачыненьні да дэпутатай-кансэрватараў рэклямны артыкул. Ці можна меркаваць, што палітычная сцэна найстарэйшай зь ліку жывых дэмакратыяў сьвету таксама "дэфармавалася пад уплывам дыктатуры Лукашэнкі"?
Зьвернутае да ЛБ абвінавачаньне ў тым, што ён "забыўся на варункі свайго абраньня" не адпавядае рэчаіснасьці, хаця гэта, пэўна, ужо не твая памылка, а неакуратнасьць рэпартажу, на які ты спаслаўся. Насамрэч, Баршчэўскі адкрыта заявіў, што будзе змагацца за выключэньне з партыі тых, хто ня выйдзе зь іншых палітычных утварэньняў. І зрабіў гэта, канечне ж, да галасаваньня.
Урэшце, ты маеш рацыю, калі кажаш, што сябрам партыі ня мае сэнсу забараняць сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях непалітычнага характару. Аднак, рух Мілінкевіча яўна да такіх не належыць. Гэта арганізацыя, якая ставіць перад сабой палітычныя мэты, у прыватнасьці, дасягненьне самім Мілінкевічам прэзыдэнцкае пасады. "Рухам" яна называецца, бо слова "партыя" (як і "апазыцыя") у гэтым сэзоне ня моднае.
На маю думку, Алесь сьвядома вырашыў згуляць з агнём, парушыўшы пастанову Сойму, з разьлікам на тое, што Баршчэўскі пабаіцца выключыць яго (бо Міхалевіч досыць заўважны ў мэдыях), і тым самым пазбавіцца аўтарытэту - хто будзе слухаць кіраўніка, якога можна пасьпяхова (і нават публічна) праігнараваць? Аднак, у сп.Лявона аказаліся нашмат вастрэйшыя зубы ды больш прынцыповая і ўпартая, чым меркаваў Міхалевіч, пазыцыя. І, па-мойму, гэта ня можа не выклікаць павагі.
Невыпадкова сэр Пол насуперак сваім ранейшым плянам - арганізаваць тур у Паўднёвай Амэрыцы - прыехаў у Кіеў. Канечне, ня можа быць супадзеньнем той факт, што шэраг сябраў кіраўніцтва БНФ зьбіраюцца ў Кіеў, нібыта "паслухаць старога бітла". За пагадненьнем стаіць украінскі алігарх Пінчук, якому і належыць думка замаскаваць сустрэчу пад канцэрт.
Навеяна "аналітыкай" з НН.
Ёсьць два пытаньні, што грызуць мяне ўжо колькі гадоў - з таго часу як я стаў карыстацца сецівам для пакупак.
1. Навошта вывешваць нумары ICQ мітычных кансультантаў, якія ніколі не бываюць online? Так робяць практычна ўсе сеткавыя гандляры, вялікія і маленькія, амаль легальныя і шэрыя. За ўсю гісторыю майго электроннага шопінгу, які ўключае прыблізна каля 50 спробаў (некаторыя ўдалыя, некаторыя ня надта) я ўпомню толькі 2 выпадкі, калі заяўлены кантакт сапраўды працаваў і адказваў на пытаньні. Абодва разы гэта былі поўныя нелегалы, якія не хацелі сьвяціць тэлефонных нумароў. Чаму той самай дыспэтчарцы, якая сядзіць на тэлефоне і адначасова раскладае пасьянсы на кампе, не падключыць ICQ, Jabber, Skype ды інш. балабаталкі? Насамрэч гэта бывае праблемай, асабліва калі купляеш кампутарныя вантробы. Калі табе трэба купіць штосьці што мае маркіроўку XFhgdJyRRfg5454HGj і яе важна не пераблытаць з XFhgdJyRRfg5754HGj, дык тэлефон пасуе ня надта добра.
2. Навошта вывешваць усе тавары, якія толькі можна ўявіць, калі ў рэчаіснасьці 90% прайс-лісту адсутная ў асартымэнце?
- Прывязіце мне "A"!
- "A" ў нас няма.
- Ну, хаця б "B"...
- "B" таксама няма!
- А "C"?
- Няма.
- А што з гэтай катэгорыі ёсьць?
- Нічога, але калі вы патэлефануеце празь месяц...
З музэю ўнівэрсытэту канадзкай правінцыі Брытанская Калюмбія скралі некалькі залатых прадметаў, якія, апрача "мэталічнай", маюць значную гістарычную і мастацкую вартасьць, так што іхны агульны кошт ацэньваецца ў $2 млн. Самая забаўная частка гісторыі - гэта мэтад, з дапамогай якога зламысьнікі абыйшлі праблему з сыгналізацыяй. Яны папросту патэлефанавалі ў ахову музэю, і прадставіўшыся прадстаўнікамі кампаніі, што абслугоўвае сыстэму кантролю за пранікненьнямі, сказалі, маўляў, чэлы, у нас тут маленькія тэхнічныя праблемы, з-за гэтага сёньня будзе адно фальшывае спрацоўваньне сыгналізацыі - не зьвяртайце ўвагі, пацаны! Ну, пацаны і не зьвярнулі...
Не заўсёды гэта праяўляецца ў такіх яркіх барвах, але, у прынцыпе, гэта дастаткова характэрная праблема: чалавек звычайна зьяўляецца найслабейшым злучвом у ланцугу бясьпекі, бо на яго можна "зрабіць уражаньне", і разам з тым вельмі цяжка прымусіць да драбніцаў прытрымлівацца занудных інструкцыяў.
