Posts (page 2)
...па-кітайску па-савецку:
Цягам пары дзён некалькі манахаў спрабавалі арганізаваць беспарадкі ў Лхасе... Сытуацыя стабілізаваная...
Цін Гань, Прадстаўнік МЗС Кітаю. Крыніца.
Такімі самымі словамі пісалі савецкія журналісты пра Прыбалтыку, так што ў Тыбэце хутчэй за ўсё адбываюцца дастаткова сур'ёзныя забурэньні. Увогуле, раней кітайскія ўлады ўвогуле адмаўлялі, што ў рэгіёне нешта адбываецца.
P.S. Розныя крыніцы (сярод іх BBC, эмігранцкія тыбэцкія суполкі) паведамляюць, што ў Лхасе сутыкненьні з войскамі (нават не паліцыяй), гараць аўто і будынкі.
Учора ў кавярні побач са мной сеў хлопец гадоў 17-ці, які ўсё рабіў ірванымі нэрвовымі рухамі, еў кавалак торту расьціскаючы яго пальцамі, потым дастаў стос паперак сярод якіх былі якіясьці рахункі, квіткі, вырваныя са сшыткаў аркушы, і гледзячы ў іх, пачаў напаўголас нібыта дэклямаваць, адмахваючы рукою рытм, але абсалютна неразборліва... У краме побытавай тэхнікі напалоханыя мэнэджэры абмяркоўвалі ці час ужо выклікаць міліцыю, ці можа ён сам сыйдзе - мужычок у абадраным палітоне, які адчыняў лядоўню і потым злосна захлопываў, а потым ізноў: адчыняў і захлопываў... Калега silverrebel атрымаў ліст ад электроннага маньяка...
І, разам са сьпевамі птушак ды гарманальным усплёскам, гэта таксама: "вясна прыйшла!"
Ведаў аднаго чалавека, які ў гады нямецкай акупацыі быў савецкім падпольшчыкам. Урэшце, іх група недзе пракалолася і яго арыштавалі нацысты. Пашчасьціла - быў вызвалены з наступленьнем савецкага войска... але хутка быў арыштаваны НКВД. Дзеяньні савецкіх спэцслужбаў знакамітыя сваёй празрыстай лёгікай - быў у немцаў - дык маглі катаваць - дык мог штосьці выдаць - а, значыцца здраднік! У лягерох ён дахадзіў разам з былымі супрацоўнікамі цывільнай падакупацыйнай адміністрацыі і паліцыі, якіх стараўся забіваць падчас вайны. Пазьней казаў, што пазбавіўся там пачуцьця варожасьці, ды зразумеў, што месца занятае кожным канкрэтным чалавекам у той вайне часьцяком залежала толькі ад паваротаў лёсу, і калі б па ім савецкая машына рэпрэсіяў праехала да вайны, дык невядома ці ня ўзрадаваўся б ён сам прыходу немцаў. А з іншага боку, відавочна, што чалавеку, жыцьцё якога зьнявечылі нацысты, цяжка было б такое зразумець... калі яго толькі не працягнула празь несправядлівае зьняволеньне разам з учорашнімі ворагамі.
Ведаючы досьвед гэтага чалавека, зь некаторым гумарам чытаю піянэраў, якія з ашаламляльнай інтэрнэтнай храбрасьцю разьвешваюць (і на сябе ў тым ліку) цэтлікі "фашыстаў" і "бальшавікоў" ды разважаюць над тым, за каго б яны ваявалі (і каго б расстрэльвалі) апынуўшыся ў 40-х гадах мінулага стагодзьдзя. Не сумняюся, што калі б нейкая машына часу сапраўды пазакідала іх туды, многія былі б забітыя і катаваныя тымі, за каго яны стамляюць пальцы ў сеціўных дыскусіях.
Навеяна флудэрамі зь minsk_by
У адным зь бягучых праектаў узьнікла патрэба забясьпечыць магчымасьць абнаўленьня сайту выкарыстоўваючы text-only інтэрфэйс (напрыклад праз ICQ). Натуральна, што карыстальнік павінны мець магчымасьць фарматаваць тэксты, прынамсі на базавым узроўні (тлусты, курсіў, падкрэсьлены).
Праблема гэтая (фармальна) вырашаная даўно - гэта мовы спрошчанай разьметкі (lightweight markup languages), у народзе вядомыя таксама як вікіразьметка, бо яны традыцыйна выкарыстоўваюцца ў вікі-рухавіках. У тэксьце ставяцца дастаткова простыя маркеры:
text *bold* /italic/ _underlined_
Існуе іх больш за тузін, рознай складанасьці і прызначэньня. Для найбольш распаўсюджаных лёгка знайсьці гатовыя модулі (у маім выпадку на CPAN - бо мой праект на Perl), так што і рэалізацыя - як два пальцы...
Аднак, калі справа дайшла да практычнага выкарыстаньня, дык вылезла бокам адна немаленькая нязручнасьць: яны ўлучаюць частае выкарыстаньне сымбаляў, недаступных у нелацінскай раскладцы, напрыклад "[{~^". Набор кірылічнага тэксту з-за гэтага становіцца злым заняткам, бо даводзіцца бясконца скакаць на кнопках пераключэньня, а калі вы не валодаеце "сьляпым" мэтадам набору - то бок, на клявіятуру глядзіце больш як на экран - то вы раз за разам адкрываеце для сябе, што ўжо паўсказы набралі ня ў той раскладцы, і з парай нецэнзурных слоўцаў панаціскаўшы backspace, пачынаеце наноў. That's, уласна кажучы, why я вырашыў стварыць свой дыялект спрошчанай разьметкі, больш прыдатны для выкарыстаньня з кірылічнай раскладкай.
Мэта:
Мінімізаваць неабходнасьць пераключаць раскладкі, незалежна ад таго набіраецца тэкст лацінскім альфабэтам (за аснову ўзятая раскладка en_US) ці кірылічным (за аснову ўзятая be_BY, аднак для расейскай ці ўкраінскай асаблівай розьніцы ня мае будзе).
Падставовыя прынцыпы:
Інтуітыўная зразумеласьць. Г.зн. разьметка павінна даваць бачны намёк на тое, што яна азначае, і, дзе магчыма, супадаць з традыцыямі набору.
Заўважнасьць. Гэта значыць, што разьметка не павінна візуальна зьлівацца з масівам тэксту.
СТРУКТУРНАЯ РАЗЬМЕТКА
=Загаловак
==Загаловак 2-га ўзроўню)
===Загаловак 3-га ўзроўню
====Ну, вы зразумелі :)
* сьпіс
* сьпіс
** укладзены сьпіс
** укладзены сьпіс
# нумараваны сьпіс
## укладзены нумараваны сьпіс
ФАРМАТАВАНЬНЕ
__падкрэсьлена__
//курсіў//
**тлусты**
Некаторыя вікідыялекты абыходзяцца ў такіх выпадках адзінарным знакам (*тлусты*, /курсіў/), але на мой поглад гэта пярэчыць прынцыпу заўважнасьці. Апрача таго, гэта шкодзіць адназначнасьці - і зорачка і слэш могуць выкарыстоўваюцца ў тэксьце самі сабой.
-/закрэсьлена/- ці -|закрэсьлена|-
Бальшыня дыялектаў увогуле ігнаруе закрэсьліваньне, напэўна, праз тое, што няма адпаведнага стандартнага html-тэгу, аднак, я лічу, што гэта досыць важны элемэнт.
Можа ўзьнікнуць пытаньне, чаму тут не выкарыстаны закладзены вышэй прынцып: "--закрэсьлена--"?
Таму што "--" ў традыцыях набору азначае em dash.
=?вікіспасылка=
=?спасылка=>url=
Можна заўважыць, што знак ">" недаступны ў кірылічнай раскладцы, аднак для набору адрасу (URL) у кожным разе давядзецца пераключацца на лацінскі алфабэт, так што тут гэта не зьяўляецца праблемай.
Пакуль, што гэта ўсё, бо ў маім праекце большага ня трэба. Але на будучыню варта дапоўніць такімі штукамі як blockqoute, pre і табліцамі.
За апошнія суткі я еў 1 раз, а ката карміў 5 разоў. Усё таму, што кот, калі хоча есьці, стварае сярэдне- і высокачастотны шум, які зьяўляецца раздражняльнікам-матыватарам. Так што, амаль рэфлекторна я іду на кухню і закідываю ў пашчу гэтай паласатай пачвары чарговую порцыю біяматэрыялу. Праблема ў тым, што я сам для сябе падобных раздражняльнікаў ня маю. Для мяне не характэрна адчуваць голад, аж да тае пары пакуль з рук не пачынае вывальвацца мышка. Такім чынам, для таго, каб харчавацца належным чынам, мне патрэбны ўнутраны кот, які будзе мяўкаць кажны раз, як надыйдзе час падмацавацца.
Заўважыў, што сёньняшняя беларуская благасфэра, апрача забаўляньня з эл. паштовачкамі ды віншаванкамі, скіраванымі чамусьці "да ўсіх дзяўчатаў", разважае над пытаньнем "Якая ідэалёгія прымушае МФ ладзіць у гэты дзень палітычную акцыю?"
Як чалавек, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы першай "Акцыі любові", скажу, што гэта чыстая выпадковасьць. Ніякай ідэалёгіі. У МФБНФ (Моладзевай фракцыі БНФ - аднаго з генэтычных продкаў МФ), адбыліся выбары старшыні, на якіх П.Севярынец урэшце стаў правадыром. Аднак, ён, апрача таго, хацеў пазбавіцца ад некаторых людзей з папярэдняга складу кіраўніцтва, а народ патрабаваў кампрамісу. У выніку сход скончыўся некаторай няяснасьцю, бо Паша псыхануў і сыйшоў грукнуўшы дзьвярыма. Каб пераадолець канфузны настрой, тэрмінова патрэбнае было нейкае дзеяньне, якое б задзіночыла сябраў арганізацыі ды прымусіла забыцца на звадкі. Наколькі мне прыгадваецца, 14 лютага было папросту бліжэйшай прыкметнай датай у календары. Памятаю, калі Севярынец выказаў канцэпцыю мерапрыемства, маўляў, будзем "любіць" Эўропу, як цывілізацыйны выбар, гэта было сустрэта лёгкім сьмехам. Але нешта рабіць трэба было, і за адсутнасьцю альтэрнатываў, пачалі рыхтавацца да 14-га - адзін раз можна ж і сьцебануцца!
Акцыя, аднак, аказалася шматлюднай і завадной. Памятаю момант, калі натоўп падлеткаў прарываў амонаўскі кардон, і амонавец, які быў вышэй за бальшыню мітынгоўцаў адсоткаў на 50-60, ачмурэла назіраў, як яго і ягоных калегаў разьдзяляла і абцякала і паядала шчыльная маса вясёлых дзяцей. Бальшыня ўдзельнікаў пазытыўна апісывала свой эксьпірыенс, і незалежная прэса таксама хваліла, што, як вы заўважылі, здараецца нячаста. Менавіта гэта, з усяго відаць, і прывяло Паўла да думкі, што мерапрыемства трэба паўтараць. Аднак, тое, што асоба сьв.Валянціна ня грала ў гэтым аніякае ролі, можа засьведчыць факт прызначэньня наступнай акцыі на 14 сакавіка. Але ж, у сакавіку міліцыя падрыхтавалася лепей: частку ўдзельнікаў завінцілі яшчэ на падыходах, а месца збору заблякавалі, і хаця там таксама было (на свой капыл) весела, у гісторыі гэтая падзея не асабліва адбілася, дык наступны раз мерапрыемства правялі праз год, ізноў 14-га лютага. Такім чынам, гэтая акцыя стала маладафронтаўскай традыцыяй. Падтрымка брэнду ды ўсё такое. Тонкім слоем ідэалёгіі яе сталі пакрываць пасьля таго, як Севярынец стаў хрысьціянінам - зьявіліся анёльчыкі, узгадалі ўрэшце сьвятога і да г.п.
Што тычыцца пытаньня: правільна гэта, ці няправільна, дык кожнаму сваё - такі мой бескампрамісны адказ :) Чалавеку ў веку недзе так за 23 там, напэўна, будзе неяк няёмка. Але для маладзейшых - гэта значна весялей за школьную дыскатэку :) Дый грамадзкая карысьць у ёй ёсьць.
Сродак для прыборкі і мыцьця называецца...
Кантора, якой належыць сьмяротны брэнд, мае вэб-сайт. Там пішуць чорнымі літарамі на цёмна-сінім тле.
Зразумеў, што паклаўшы ногі кудысьці ўгору (на стол, на суседняе крэсла) працую лепш, прынамсі засяроджаней. Нават нэт перастае забіраць увагу. Вось пішучы гэты пост, я сяджу ў звычайнай паставе - ногі пад сталом :) Зара зноўку закіну свае канцавіны на фатэль і - працаваць.
Навіна нетутэйшая, але душэўна блізкая. 26 студзеня, у Назрані, сталіцы Інгушэціі, адбыўся мітынг апазыцыі. Не паглыбляючыся ў сутнасьць канфлікту - краіна нам няблізкая і палітыка там спэцыфічная - адзначым, што на загад тамтэйшага сатрапчыка Мурата Зязікава плошчу, дзе быў заплянаваны збор апазыцыянэраў, часткова залілі адкачаным з гарадзкой каналізацыі гаўном.
Па-мойму, гатычна!
